Кіраўнік арганізацыі з Гродна падпісаўся за “Інтэрнацыянальную Расію”
– Павел, што сталася штуршком да падпісання гэтага дакумента?
– Так, я і мае таварышы па грамадскаму аб’яднанню “Цэнтр эканамічных стратэгій” падпісалі дэкларацыю міжнароднага руху ОФН “Інтэрнацыянальная Расія”. Спадзяемся, што ўдзел у такога кшталту міжнародных рухах будзе спрыяць прыцягненню замежных інвестыцый. Акрамя таго, дадзеная арганізацыя падтрымлівае ідэю Еўразійства, якая ўжо пачала набываць форму і канкрэтныя перспектывы ў рамках трох дзяржаў, у тым ліку і Беларусі.
Заўважу, гэта не эфемернае ўтварэнне альбо нешта абстрактнае. Гэта цалкам рэальны геапалітычны праект на Еўразійскім кантыненце. Ужо цалкам рэальна запрацаваў Мытны саюз, з 1 студзеня 2012 года сфармаваныя наднацыянальныя органы і запушчана адзіная эканамічная прастора, у 2015 г. плануецца стварэнне Еўразійскай саюза, а гэта ўжо не толькі эканамічнае ўтварэнне, але і палітычнае.
Удзельнічаючы ў гэтых працэсах, мы спадзяемся ўплываць на іх з улікам законных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь.
-Чым кіруюцца падпісанты гэтай дэкларацыі?
– Сама ідэя мае вельмі шмат пытанняў і нараканняў, не ўсё так гладка працуе ва ўжо сфармаваных структурах, аднак мы лічым, што, толькі знаходзячыся ўнутры працэса, можна неяк кантраляваць альбо ўплываць на гэты рух у інтарэсах шэраговых беларусаў, бо менавіта яны амаль нічога не ведаючы пра гэтае геапалітычнае ўтварэнне, жывуць у ім.
Хоць ёсць і бясспрэчныя станоўчыя моманты, асабліва ў эканамічнай сферы: павелічэнне таваразвароту, непазбежная лібералізацыя, прывядзенне эканомікі РБ да нормаў Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА), сыходзячы з непазбежнасці ўступлення Расіі ў гэтую арганізацыю, і многае іншае.
Беларуская грамадскасць не тое, што павінна, – яна абавязана ўдзельнічаць у гэтых працэсах, бо яны рэальна датычацца жыцця кожнага беларуса.
Наша арганізацыя ўсяго толькі “ўскоквае” ў цягнік, каб потым не бегчы за ім. І гэта мы лічым правільным.
–Як ваша арганізацыя ставіцца да Незалежнасці Беларусі?
– Гэтае пытанне па-за абмеркаваннем . Па-мойму, за ўсю гісторыю беларускага народа ён нацярпеўся столькі, што незалежнасць ёсць для яго вышэйшай гістарычнай узнагародай, якую ён і здабыў 27 ліпеня 1991 г.
Еўразійскі праект, па меншай меры ў тым выглядзе, у якім яго ўяўляе Пуцін або Назарбаеў і ўжо тым больш Лукашэнка на старонках газеты “Известия”, не нясе пагрозы беларускаму суверэнітэту.
Са свайго боку, мы ў рамках гэтай арганізацыі будзем рабіць усё, каб захаваць і ўмацаваць найвышэйшы здабытак нашага народа – незалежнасць Рэспублікі Беларусь!