У калекцыі гарадзенца з’явіўся канверт з першай маркай у свеце
–Пра такую рэч я марыў вельмі даўно. Спярша я набыў саму марку, а вось нядаўна набыў канверт. Цікавым для мяне падаецца той факт, што, па-першае, дата на канверце супадае з маім днём нараджэння – 3 кастрычніка, але 1840 года. А па-другое, даволі цікавым мне падаецца змест самога ліста. Я крыху ведаю ангельскую мову і зразумеў, што манахі просяць у феадала грошы на рэстаўрацыю свайго храма.
Сама марка “Чорны пені” з’явілася ў свеце 5 мая 1840 года. Малюнак выкананы ў чорным колеры, вартасьць маркі – 1 пені (адсюль назва). Першыя паштовыя маркі, а таксама штэмпэльныя канверты ўбачылі свет у Ангельшчыне ў 1840 годзе. Іх з’яўленне было абумоўлена ўвядзеннем аднастайнага таннага тарыфу на лісты і звязана з імём Роўленда Хіла (Rowland Hill;1795—1879).
Яўген Альхімовіч:
– Маркі збіраю яшчэ з 1975 году. Першая калекцыя мне дасталася ад бацькі. Ён распачаў збіраць маркі па тэме філатэлістычная геаграфія. У гэтым зборы паштовыя маркі ад кожнага паштовага эмітэнта, бачна як змянялася краіна –была калоніяй, потым пратэктаратам, потым станавілася незалежнай. І збор быў няпоўным без першай маркі ў свеце.