“Магія дзікай прыроды” – фестываль-конкурс ад гродзенскіх эколагаў і мясцовага тэлебачання
Відэаролікі, героямі якіх будуць дзікія жывёлы, знятыя ў натуральных умовах, прымаюцца ад студзеня да снежня 2012 года. На конкурс прымаецца відэа, знятае на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі.
Да ўдзелу запрашаюцца грамадзяне Беларусі (ролікі, знятыя дзецьмі, удзельнічаюць ад імя аднаго з бацькоў) і іншаземцы (ад 18 гадоў).
Работы будуць ацэньвацца ў пяці намінацыях:
1.“Нечаканая сустрэча”
2.“Рэдкія кадры”
3.“Незвычайныя гісторыі”
4.“Мы і яны”
5.“Нашы за мяжой”.
Дзмітрый Вінчэўскі, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ:
–Гэта першы ў Беларусі вопыт падобнага супрацоўніцтва. Конкурс толькі пачаўся і відэаролікаў ад удзельнікаў пакуль няма. Патрэбны час, каб зняць нешта цікавае, але мы разлічваем як мінімум на 10 ролікаў у месяц.
Ідэя гэтага конкурса вісела ў паветры. У нас на сайце людзі па ўласнай ініцыятыве размяшчалі цікавыя ролікі на працягу апошніх двух гадоў.
Наша мэта – даць магчымасць людзям паказаць свае цікавыя відэа, каб іх убачылі не толькі ў інтэрнэце, але і тэлегледачы.
А яшчэ – прыцягнуць увагу да таго, што нават непрафесіяналы могуць убачыць нешта цікавае ў жыцці жывёл і паказаць іншым.
Тэлерадыёкампанія “Гродна” ахвотна пайшла насустрач.
Вынікі конкурса падводзяцца штомесяц Журы і праз глядацкае галасаванне на сайце www.birdwatch.by .
Лепшыя ролікі намінанты і пераможцы будуць паказаны ў эфіры навукова-папулярнай праграмы “У аб’ектыве натураліста” ў апошнюю пятніцу кожнага месяца.
У апошняй перадачы года запрошаныя ў студыю пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы ад арганізатараў конкурса і спонсараў.
Палажэнне аб фестывалі-конкурсе відэа-сюжэтаў «Магія дзікай прыроды» – 2012 глядзіце на сайце, прысвечаным назіранням за птушкамі ў Беларусі.
Там жа – Найлепшыя ролікі , дасланыя аматарамі прыроды за мінулы год.
Здымак Мікалая Гулінскага з сайта http://birdwatch.by