Музеі, якіх не хапае ў Гродне

|

Алесь Госцеў, школьны настаўнік і краязнаўца, кажа, што,па-першае, не хапае нашаму гораду  музея самога горада:

Калісьці яшчэ Міхась Ткачоў марыў пра тое, што ў нашым горадзе з’явіцца гэткі музей. Аднак да гэтага часу яго няма. Другі музей, якога не хапае – гэта музей ракі Нёман. Апроч гэтага не стае музея фатаграфіі і прыватных калекцый. Наколькі я ведаю, гэта ўсё закладзена ў праграме “Спадчына” і ўсё застаецца на мёртвай кропцы.

На погляд краязнаўцы і калекцыянера Янкі Лялевіча гораду не хапае музея нацыянальных культур, перш за ўсё  музея габрэйскай культуры, які мусіць з’явіцца.

 

Супрацоўнік музея Андрэй Вашкевіч працягвае тэму гарадскіх музеяў:

Я падтрымаю Алеся Пятровіча Госцева наконт музея гораду, дзе на першым паверсе мусіць быць крама, а на другім музей жыхара гораду. Месцам для такога музея можа стаць будынак па вул.Сацыялістычнай, 44.

Яшчэ адзін музей, які павінны паўстаць у горадзе – гэта музей нацыянальна-вызваленчага руху. А трэцім музеем, якога не стае–  музей Новага Свету.

 

Як кажа даследчык гарадзенскай крэпасці Аляксандр Семянчук, галоўнае пытанне ў Гродне – гэта не тое, якога  музея не хапае гораду, а магчымасць трапіць у тыя, што ў нас ёсць.

Аляксандр Семянчук:

Вось нядаўна адкрыў для сябе ў горадзе музей пчалярства. Да гэтага часу не магу патрапіць у музей пажарнай справы, які таксама ёсць у нашым горадзе. Галоўнае – гэта тое, каб людзі мелі магчымасць наведваць гэтыя музеі, а іх экспазіцыя змянялася.

На здымку будынак па адрасе Сацыялістычная 44.