Аўтуховіч змешчаны ў санчастку калоніі
«Аўтуховіч знаходзіцца ў санчастцы. Мне пра гэта паведамілі ўчора. З якога дня і па якой прычыне ён там, невядома», — сказаў Сапелка.
Паводле яго слоў, на 17 студзеня ў калоніі прызначаны суд над Аўтуховічам у сувязі з парушэннем рэжыму калоніі. «Гэта будзе такі ж працэс, як той, што прайшоў над Мікалаем Статкевічам.
І пройдзе ён па той жа схеме — у калоніі, без лішніх сведак, толькі ў прысутнасці адваката», — сказаў Сапелка.
Аўтуховічу пагражае перавод з калоніі ў турму на вызначаны судом тэрмін.
У маі 2010 года ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч рашэннем Вярхоўнага суда быў асуджаны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай стрэльбы.
Праваабаронцы лічаць Аўтуховіча палітзняволеным і ўказваюць на сур’ёзныя працэсуальныя парушэнні, зафіксаваныя падчас суда.
Аўтуховіч адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі № 5. Як адзначаюць праваабаронцы, увесь час утрымання ў спецустанове адміністрацыя аказвае на яго ціск. Больш за дзесяць разоў Мікалай Аўтуховіч прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасці.
Паводле БелаПАН