Дзмітрыева выключылі з АГП, хто наступны?

10 студзеня на паседжанні Менскай гарадской рады Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі з яе шэрагаў быў выключаны вядомы палітык, кіраўнік штабу Уладзіміра Някляева на мінулых прэзідэнцкіх выбарах Андрэй Дзмітрыеў (на здымку).

 

Афіцыйнай прычынай была названая “палітычная шкода партыі”, якая, згодна словам кіраўніка менскай гарадской арганізацыі АГП Анатоля Паўлава, палягае ў працы на карысць пазапартыйнага кандыдата падчас выбараў, а таксама ў заяве Дзмітрыева беларускаму тэлебачанню, якая была зроблена адразу пасля падзеяў 19 снежня 2010 г.

 

За каментарамі мы звярнуліся да гродзенскіх каардынатараў кампаніі “Гавары Праўду!” і партыі АГП.

 

– Як ты ацэньваеш падобнае рашэнне сваіх сяброў па партыі?

 

align=”left” >- Пытанне па выключэнні Дзмітрыева успрымаю як сваё асабістае, – каментуе гродзенскі каардынатар кампаніі “Гавары Праўду!” і сябар АГП Зміцер Бандарчук (на здымку), – бо я знаходжуся ў такой самай сітуацыі.

 

Не выключана, што і я магу быць выключаны з АГП за працу на апошніх выбарах не на карысць кандыдата ад партыі, нягдедзячы на тое, што першапачаткова кіраўніцтва АГП не было супраць таго, каб актывісты дапамагалі іншаму кандыдату.

 

Таму лічу сённяшнюю пазіцыю АГП выключна піярскай, бо такія крокі нічога не змяняюць. Андрэй ужо фактычна не працуе у АГП 1,5 гады, тым больш ніякіх пасадаў не займае, дык атрымліваецца і шкоды нанесці не можа.

 

Калі ж гэта была расплата за шкоду ў мінулым, дык гэта пытанне яшчэ: хто нанес большую шкоду – актывісты АГП з “Гавары Праўду!”, якія працавалі на мацнейшага кандыдата Някляева, ці тыя сябры АГП, якія выключылі Дзмітрыева, а самі не дасягнулі ніякіх вынікаў на Выбарах-2010?

 

Падводзячы вынік, можна сказаць адно: замест рэальнай працы з людзьмі АГП апошнім часам займаецца піярам сваіх мінулых дасягненняў і паразаў.

 

– Анатоль Паўлаў прывёў у прыклад паводзіны Яраслава Раманчука, які сам падаў заяву на выхад з партыі…

 

– Насамрэч, калі ўжо казаць праўду, то Яраслаў напісаў заяву таму, што не ўбачыў з боку сяброў па партыі спачування і падтрымкі з нагоды таго, што з ім адбылося 19 снежня, тым больш не адчуў і падзякі за ўсю карысць, якую паспеў прынесці партыі.

 

Не сакрэт, што на працягу апошніх год асноўныя дакуманты і ідэі для партыі распрацоўваў менавіта Раманчук. Можна па рознаму ставіцца да таго, як павёў сябе Яраслаў 19 снежня: я лічу што як чалавек, а людзі бываюць розныя, і ў розных абставінах паводзяць сябе па-рознаму.

 

Так, Раманчук быў слабым у супрацьстаянні ціску, але быў і ёсць адным з найлепшых эканамістаў Беларусі. Калі гэта не цікавіць Паўлава і іншых – ну дык і Раманчука можа не цікавіць пазіцыя такіх “паўлаўскіх сяброў.”

 

– І ўсё ж такі, падвядзенне вынікаў мінулых выбараў і своеасаблівая “праца над памылкамі” – справа патрэбная?

 

– Вынікі выбараў можна будзе падвесці толькі пасля вызвалення ўсіх палітвязняў – і гэта тая праца, вакол якой трэба аб’ядноўваць свае намаганні і аб’ядноўвацца самім, а не вырашаць свае нікому больш не цікавыя ўнутраныя пытанні.

 

На жаль, менавіта няздатнасць аб’ядноўвацца і адштурхоўвае ад нашых апазіцыйных палітыкаў электарат у перыяд паміж выбарамі. А на выбарах мы зноўку апынемся непадрыхтаванымі для дасягнення агульнай мэты.

 

Больш разважліва пракаментаваў сітуацыю кіраўнік АГП па Гродзенскай вобласці Юры Істомін (на здымку):

 

 

– Пэўна, менская гарадская арганізацыя мела для такога рашэння свае аргументы. Я лічу, што зараз усе мы павінны быць разам, а падобныя “разборкі” да добрага не давядуць.

 

Ня толькі Дзмітрыеў працаваў і працуе на штаб іншага кандыдата, на іншую кампанію – гэта тычыцца таксама і функцыянераў з рэгіёнаў.

 

Мая пазіцыя тут дваякая: калі гэтая тэндэнцыя не пойдзе далей на рэгіёны і не скончыцца “чысткай”, тады лічу рашэнне больш-менш узважаным. Калі ж пойдзе далей – дык, лічу, ня трэба было і пачынаць…

 

Нагадаем, што ў сваёй заяве для БТ Андрэй Дзмітрыеў абвінаваціў у збіцці Някляева і ягоных актывістаў “п’яных маладых людзей”, адзначыўшы пры гэтым, што “бойку разнялі падаспеўшыя супрацоўнікі міліцыі, невінаватыя ў тым, што адбылося”.

 

Дадзены каментар быў запісаны ў СІЗА КДБ, дзе палітык знаходзіўся з 19 па 31 снежня. Па яго хуткім выхадзе з боку іншых актывістаў неаднаразова гучалі абвінавачанні ў супрацы з КДБ.

 

Зараз Дзмітрыеў працягвае працу ў кампаніі “Гавары Праўду!”