Мікалай Аўтуховіч будзе адбываць рэшту тэрміну ў Гродзенскай турме
На судзе, піша “Салідарнасць”, змог прысутнічаць толькі адвакат Мікалая Аўтуховіча Павел Сапелка.
Дазвол на сустрэчу з роднымі пасля разгляду справы зняволены не атрымаў.
Напярэдадні суда Аўтуховіч перадаў на Радыё «Свабода» пасланне, у якім пісаў, што гатовы да таго, што яго чакае.
У маі 2010 года ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч рашэннем Вярхоўнага суда быў асуджаны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай стрэльбы.
Праваабаронцы лічаць Аўтуховіча палітзняволеным і ўказваюць на сур’ёзныя працэсуальныя парушэнні, зафіксаваныя падчас суда.
У 2010 годзе Мікалай Аўтуховіч трапіў у складзены Freedom House спіс пятнаццаці найбольш вядомых у свеце палітвязьняў.
15 снежня 2011 года вязень учыніў спробу суіцыду.