Апошняму каралю Рэчы Паспалітай – 280 гадоў
Большасць часу свайго праўлення кароль правёў у Гродне, які стаўся для яго другой радзімай.
Пра апошняга караля Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага расказваюць гарадзенскія гісторыкі. Для Алеся Госцева Панятоўскі заўсёды быў знакавай фігурай:
“Панятоўскі найперш вядомы гарадзенцам як апошні кароль Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Ён пабудаваў вакол горада 3 загарадныя рэзідэнцыі: Аўгустова, Станіславова і Панямунь. Мне падаецца цікавым той факт, што ў сваім родавым маёнтку Воўчын Панятоўскі пазнаёміўся з Тызенгаўзам і запрасіў яго ў Горадню.
Алесь Госцеў працягвае: “Горадня для Панятоўскага стала месцам, дзе ён адрокся ў 1795 годзе ад сваёй кароны пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай і жыў некаторы час пад так званым “хатнім арыштам” у горадзе над Нёманам. Пасля гэтага яго забраў да сябе ў Пецярбург расійскі цар Павел І.
У Пецярбургу ён і быў пахаваны. У 30-я гады ХХ стагоддзя савецкая ўлада аддала польскага караля. Аднак палякі не хацелі хаваць яго разам з усімі каралямі, і ягоны прах быў перанесены ў пахавальню воўчынскага касцёла святога Станіслава.
У канцы 1980-х прах апошняга караля пачалі шукаць. Шмат высілкаў для гэтага прыклалі вядомыя гарадзенцы Міхась Ткачоў, Аляксандр Мілінкевіч і Уладзімір Кіслы”.
Як згадвае Аляксандр Мілінкевіч для “Радыё Свабода”, “пасля вайны палова вёскі, дзе быў пахаваны Панятоўскі, з’ехалі ў Польшчу. Яны, каталікі, былі пакрыўджаныя тым, што апынуліся ў Савецкім Саюзе, дзе не хацелі жыць. А праваслаўныя засталіся. І, як расказваюць мясцовыя жыхары, у тую ж ноч гэты касцёльчык быў абрабаваны, жорстка панішчанае ўсё пахаванне, якое складалася з трох трунаў, а парэшткі Станіслава Аўгуста былі параскіданыя па гэтым касцёле.
Але пра гэта мы даведаліся значна пазней, у канцы 80-х. І паехалі мы ў Воўчын таму, што да мяне ў свой час трапілі даволі цікавыя кніжкі, у якіх была апісаная менавіта гэтая гісторыя перазахавання караля. Я запрасіў сваіх добрых сяброў, прафесара гісторыі Міхася Ткачова і рэстаўратара з Горадні Уладзіміра Кіслага, таксама быў мой старэйшы сын Аляксандр. Мы прыязджалі туды двойчы, шукалі гэтыя парэшткі, дах быў месцамі абвалены, было даволі небяспечна, была цікавая вандроўка, але набралі мы нямала рэшткаў гэтага пахавання. Гэта былі часткі яго каранацыйнага плашча, ягоныя абцасы з ботаў, рэшткі труны, і шмат даволі цікавых археалагічных знаходак.
У гэты ж час у Польшчы ішла цікавая дыскусія аб тым, ці не варта караля ўсё ж такі адвезці ў Польшчу, і амаль ніхто не ведаў, што на месцы гэтым ужо нічога не засталося, акрамя таго, што мы знайшлі. Праз Міністэрства культуры была перададзеная цудоўна выкананая шафа з шуфлядамі, дзе рэшткі караля былі перададзеныя ў Польшчу, і зноў разгарэлася ў гэтай краіне вялікая дыскусія аб тым, ці ён здраднік, ці вялікі змагар за культуру і адукацыю.
Пабаяліся ўсё ж гэтыя рэшткі пахаваць на Вавелі, дзе ляжыць абсалютная большасць каралёў Рэчы Паспалітай, і быў ён пахаваны ў касцёле Святога Яна ў Варшаве, дзе быў у свой час каранаваны.
Нечакана для нас мы былі ўзнагароджаныя за гэтыя пошукі найвышэйшай узнагародай Польшчы ў галіне культуры – Ордэнам за заслугі перад культурай Польшчы. На жаль, Ткачоў не паспеў атрымаць гэтую ўзнагароду, бо памёр”.
Для іншых гарадзенцаў Панятоўскі быў каралём, за якім пачалася перабудова горада. Менавіта за гэтым каралём яго сябра Антоні Тызенгаўз, які быў гарадзенскім старастам, змяніў горад да непазнавальнасці. Новыя мануфактуры і каменныя дамы, тэатр і новыя корчмы – менавіта так выглядаў горад за Панятоўскім.
Выява з сайта http://commons.wikimedia.org