Антыкварны Гродна. Частка ІІ
У гэтым матэрыяле мы працягнем размову з Віктарам Какарэкам, кіраўніком ГА “Беларускае Нумізматычнае Таварыства”, на тэму калекцыянавання ў Гродне за савецкім часам і ў нашыя дні.
– Віктар Іванавіч, давайце абстрагуемся ад музейнай справы і паразмаўляем пра прыватнае калекцыянаванне за савецкім часам. Што было, да прыкладу, з манетамі?
– Трэба разумець, што да сярэдзіны 70-ых гадоў паняцці “царскі мікалаеўскі рубель” і “савецкі рубель” былі тоеснымі, то бок срэбра было танным і стаўленне да срэбра было іншым за сучаснае: за рубель яго (“Мікалая”) і куплялі. Узгадваю, як недзе ў 1968-70-ым ужо памёрлы Рэўтовіч набыў у кагосці “Кацярыну І” і заплаціў… 9 рублёў.
Сёння ж гэтая манета ў добрай захаванасці будзе каштаваць некалькі тысячаў даляраў, а тады я нават думаў: “О-о-о, 9 рублёў –гэта шмат (пасміхаецца)!” У мяне тады ў калекцыі было пару “Ядзвігаў”, пару 10-златовак – ну, гэта наогул так, па поўрублі недзе куплялі…
– Што людзі збіралі акрамя манет?
– Значкі, маркі… Антыкварыяту сур’ёзнага гэта не тычылася. Распавяду адзін прыклад: недзе ў 1965 г. з’явіліся першыя “хрушчоўкі”, пачалося масавае перасяленне людзей з прыватнага сектару ў панэльныя дамы. Адзін афіцэр, адслужыўшы пасля вайны ў Нямеччыне, а там плацілі “шалёныя” грошы, прывёз з сабой поўны набор якаснай разной мэблі нямецкай работы – буфет, сталы і г.д. –спачатку ў прыватны сектар, дзе ён меў дом. Але прыйшоў час перасяляцца ў кватэру з нізкімі столямі, тэлевізарам і буфетам на тонкіх ножках – стыль зусім іншы, і падумалася афіцэру: “Ну, не гэтыя ж труны везці туды?” У выніку нямецкі гарнітур парубалі на дровы… То бок стаўленне і да антыкварыяту, і да культуры было зусім іншым.
– Ці быў у той час нейкі нелегальны рух ікон, зброі?
– Не. Тыя ж іконы былі толькі ў лічаных сем’ях. На нашай тэрыторыі да сярэдзіны ХІХ ст. наогул дамінавала ўніяцтва, а праваслаўнымі былі толькі асобныя сем’і, прыехаўшыя з усходу, таму і цэркваў праваслаўных было мала, іконапіс не быў аж так развіты. І толькі пасля 1840-ых пачаўся адваротны рух. Гэта па-першае. Ну і па-другое: старая ікона – ну каму яна патрэбная? Зноў жа адносіны былі іншымі.
– Няўжо КДБ не змагаўся з “нелегальным антыкварным рынкам”?
– Не-е. Той жа КДБ цікавілі хутчэй каштоўныя металы і іх абарот. Калі ў кагосці былі залатыя манеты – тады так, гэта пераследвалася ў першую чаргу. Нават да 90-ых існаваў прыкладна наступны алгарытм размоваў у вёсцы, дзе знайшлі скарб: гаршчок з меднымі манетамі – ведае ўся вёска; срэбраныя – ведае толькі сям’я; золата – маглі і бацькі ня ведаць, настолькі гэта было таямніцай.
– Добра, а ў 90-ыя гады змянілася нешта радыкальна?
– Пачало змяняцца яшчэ нават напрыканцы 80-ых. Людзі паехалі ў Польшчу, паглядзелі, што збіраюць там, прыкладна адначасова зразумелі, што трэба і бізнэс на нечым рабіць: пачалі вазіць тэлевізары, электрапрылады, “шмоткі”… І калекцыянаванне не адстала ад гэтага: пачалі вазіць прадметы, якія карысталіся папулярнасцю на захадзе. Тут і ўспомнілі пра іконы. Як я казаў, іконы былі не ў нас, а далей, у расейскай глыбінцы. Так расіяне пачалі везці праз нас іконы. Ну і, канешне, не ўсё можна перавезці: нешта прадавалася і тут. З таго часу іконы, ліццё, складні, усялякія прадметы бытавога ўжытку, якія хоць неяк падпадалі пад панятак “антыкварыят” пачалі карыстацца попытам і ў нас.
Тады і змяніўся напрамак калекцыянавання. Манеты – гэта не самая цікавая тэма з пункту гледжання продажу, былі і нашмат больш каштоўныя рэчы. Тады ж людзі пачалі звяртаць увагу на захаванасць прадмету. Раней бачыш, да прыкладу, дзірку ў манеце і думаеш: “Ну і што? Яна ж сапраўдная!” А зараз: падрапаная – усё, не пойдзе!
– То бок усё скатвалася ў камерцыйную сферу?
– Так, ішла камерцыялізацыя. Тут жа, пасля развалу Савецкага Саюзу абудзілася цікавасць да ўзнагародаў, прычым абудзілася стыхійна. Да прыкладу: той жа ордэн “Працоўнага чырвонага сцягу” і ордэн Леніна маглі каштаваць прыкладна аднолькава. Пасля ж кошт пачаў адрознівацца як неба і зямля. Але гэта было ўжо з сярэдзіны 90-ых гадоў.
Перад тым як прадаваць нейкую рэч, чалавек арыентаваўся на тую дзірку ў бюджэце, якую трэба залатаць і на тое, колькі могуць даць. Кошт узнагароды ў лепшым выпадку даходзіў да сотні даляраў. Вось валяецца ў шкатулцы які-небудзь ордэн “Вялікай Айчыннай Вайны” на падвесцы, а за грошы з яго можна жыць некалькі месяцаў – чаму б і не здаць? Некаторыя ўзнагароды ВАВ наогул ішлі як метал: іх і за мяжу часта вывозілі як лом. Пайшло ўжо не столькі калекцыянаванне, колькі бізнэс.
align=”left” alt=”Image 18799″ >- А што цікавіла людзей апроч ікон і ўзнагародаў?
– Возьмем, да прыкладу, аўтарытэтнае сярод калекцыянераў выданне “Аверсъ” тых часоў. Што мы там убачым? У першую чаргу царскія палкавыя знакі.
Тэма вельмі цікавая, бо кожны палкавы знак – гэта брошка, якая рабілася ў вельмі абмежаванай колькасці ювелірамі высокай кваліфікацыі.
Таму і кошты адразу выскоквалі: 250 даляраў, а па тых часах гэта шматмесячны заробак, калі ўзгадаць, што людзі атрымлівалі заробкі па 20-30 даляраў…
І гэта за звыклы знак у срэбры. Попытам карысталіся таксама размаітыя царскія настольныя памятныя медалі, жэтоны.
Пасля падзення берлінскай сцяны на захадзе прачнулася цікавасць да ўсяго савецкага. Тыя ж значкі ішлі там на “ура”.
Далей – усё ваеннае – шынялі, фуражкі, абмундзіраванне. Ну і, натуральна, шэраг побытавых прадметаў: самавары, гадзіннікі, керасінавыя лампы і інш.
– Якія тэндэнцыі можна вылучыць, на ваш погляд, зараз?
– Справа ў тым, што тыя людзі, якія накапілі пэўны калекцыйны матэрыял, чый прыбытак застаўся стабільным, пакінулі сабе пэўныя калекцыі і прадметы, якія дазваляюць ім адчуваць сябе ўтульна ў сваёй кватэры.
Той жа Хвайніцкі збірае калекцыю як памяць пра свайго дзеда, які загінуў пад Монтэ-Касіна, таму яго цікавіць усё, што звязана з польскай арміяй на захадзе.
Я сутыкаўся з тым, што адзін наш калекцыянер збіраў паштоўкі, ездзіў на аўкцыёны, купляў там самыя рэдкія, а пасля ўзяў свае 300 паштовак і прадаў у гродзенскі музей. У выніку наш музей папоўніўся паштоўкамі, а ён … праз месяц па-новаму пачаў паштоўкі збіраць.
Здараецца і так.
Можна прадаць калекцыю, укласці грошы і пасля зноўку пачаць збіраць, бо гэта ўжо ўнутры чалавека .Старыя людзі некаторыя ў клуб калекцыянераў прыходзяць у прынцыпе каб паразмаўляць…То бок галоўнае – гэта, мажліва, сам працэс.