У Жыровіцкім каледжы скралі дах
Яшчэ ў лістападзе 2010 года камерсант заключыў дамову на рамонт даху інтэрната Жыровіцкага каледжа (Слонімскі раён). Ужо да траўня 2011 года дырэктар фірмы падаў заказчыку акты выкананых работ: мадэрнізацыя даху завершана, абсталяваны слыхавыя вокны, выкладзеная металадахоўка, усталяваныя лесвіцы і гэтак далей. Засталіся толькі невялікія дапрацоўкі па абсталяванні водазліваў. На рахунак камерсанта за выкананыя працы было пералічана больш за 300 мільёнаў рублёў, выдаткаваных з дзяржбюджэту.
Усё б нічога, ды толькі студэнты пачалі скардзіцца на сырасць у пакоях.
Аператыўнікі да таго часу ўжо валодалі інфармацыяй аб магчымай супрацьпраўнай дзейнасці дырэктара будаўнічай фірмы, а на месцы пераканаліся ва ўсім на ўласныя вочы – «дах» інтэрната пакрывала не металадахоўка, а падраная і мокрая параізаляцыйная плёнка.
Паводле інфармацыі УУС Гродзенскага аблвыканкама, акты выкананых работ былі нахабна сфальсіфікаваныя, а з пералічаных грошай камерсант паклаў у кішэню амаль 210 мільёнаў рублёў.
Крымінальная справа распачатая па арт. 210 ч. 4 КК Беларусі «Крадзёж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі» ў асабліва буйным памеры.
Фота і відэа http://uvd.grodno.by