«З марыянеткамі няма аб чым размаўляць»
14 студзеня ў Гродне на паседжанні галоўнай рады праўладнага Саюзу палякаў старшынёй быў абраны Мечыслаў Лысы, які змяніў на гэтым месцы Станіслава Сямашку, кіраваўшага саюзам з верасня 2009 г. У сувязі з гэтым «Жэч Посполіта» узяла інтэрв’ю ў былой кіраўніцы незалежнага Саюзу палякаў Анжалікі Борыс, якая досыць памяркоўна выказалася наконт мажлівасці дыялогу, спасылаючыся на тое, што мэта арганізацыі – выключна культурніцкая дзейнасць. Сваім пунктам гледжання наконт сітуацыі падзяліўся кіраўнік Галоўнай рады Саюзу палякаў, карэспандэнт «Газэты Выборчай» Анджэй Пачобут.
– Як бы вы маглі пракаментваць заяву Анжалікі Борыс?
– Кожны сябар Саюзу палякаў, у тым ліку Анжаліка Борыс, якая з’яўляецца адным з ягоных кіраўнікоў, нягледзячы на тое, што яна зышла, мае права на сваю думку. Мая ацэнка сітуацыі супрацьлеглая: я лічу, што персанальнага канфлікту з Сямашкам, з Лучнікам, з Лысым у мяне ці ў каго-небудзь з СП не было, але адбыўся канфлікт з уладамі, калі ўлады, выкарыстоўваючы гэтых людзей, спрабавалі знішчыць польскі рух, перавесці яго пад поўны кантроль.
Мечыслаў Лысы |
Мэта ўладаў не змянілася з 2005 году, яна гучыць так: паставіць свайго чалавека і такім чынам кіраваць, абмяжоўваць магчымасці незалежнага грамадскага руху, змагання за польскую школу, польскую культуру, то бок, усё тое, што падпадае пад рэалізацыю правоў нацыянальнай меншасці. Зараз для гэтай мэты ўлады хочуць выкарыстаць Лысага.
СП заўсёды дэклараваў гатоўнасць да перамоваў з уладамі наконт рэгулявання гэтай сітуацыі, а з іх марыянеткамі няма аб чым размаўляць, паколькі Лысы тут нічога не вырашае. Аб чым з ім размаўляць, калі ён ні за што не адказвае і ніякага рашэння прымаць не можа?
– То бок, са зменай Сямашкі на Лысага нічога рэальна не змянілася?
– Не, гэтыя змены выкліканыя ўнутраным крызісам «дзяржаўнага» Саюзу палякаў, у сувязі з тым, што няма фінансавання з боку ўладаў. Гэта не першы адыход людзей з ліку кіраўніцтва арганізацыі, раней зышла намесніца старшыні Богдан, пасля – галоўны рэдактар Залеская, зараз зышоў Сямашка…
Крызіс моцна ўдарыў па ўладзе, і першае, што яна зрабіла – гэта абрэзала фінансаванне розных «дармаедскіх» структураў, якія знаходзяцца на ўтрыманні дзяржбуджэту. Адной з такіх структураў з’яўляецца і «лукашэнкаўскі» Саюз палякаў.
– У вышэйзгаданым інтэрв’ю спадарыні Анжаліцы належыць таксама наступная фраза: «Саюз палякаў – культурна-асветніцкая арганізацыя». На ваш погляд, усё ж такі СП мае займацца палітыкай ці выключна культурай?
– Саюз заўжды займаўся грамадскай, культурніцкай, выдавецкай дзейнасцю… Але ў нашай сучаснай сітуацыі існуюць як бы дзве плоскасці: у нармальнай краіне палітыкай лічыцца вылучэнне сваіх кандыдатаў на выбары, барацьба за ўладу і г.д. Безумоўна, гэтым СП не займаўся – гэты факт можна праверыць. Разам з тым Лысы рыхтаваўся выстаўляць сваю кандыдатуру на выбарах: ён меўся ісці супраць Фралова па Стоўбцах, але Фралова не зарэгістравалі, таму і патрэба ў Лысым адпала – гэта пра тое, хто займаецца палітыкай. Мы ж займаемся культурніцкай дзейнасцю так, як і раней. З іншага боку, нашая дзейнасць прыцягвае ўвагу з боку дзяржавы, спецслужбаў і г.д. І таму так атрымоўваецца, што палітыка займаецца намі.
– Ці можна сцвярджаць, што вас зацягваюць у палітыку?
– Фактычна так, бо калі нас пачынаюць пераследваць, атрымоўваецца пераслед меншасці, але гэта ўжо палітыка з боку дзяржавы. Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, палітыкай з’яўляецца ўжо па-мойму ўсё. Пры жаданні, думаю, нават філатэлістаў можна разглядаць як «незарэгістраваную арганізацыю»: яны ж збіраюцца з пэўнай рэгулярнасцю, маркамі абменьваюцца… (смяецца).
У часе мітынгу каля Дому палякаў
– Што, на ваш погляд, павінна адбыцца для ўз’яднання Саюзу палякаў?
– Я не думаю, што гэта адбудзецца, і што гэта наогул магчыма. Няма іншага саюзу палякаў акрамя нашага – Саюз палякаў адзін! Уладай створана альтэрнатыўнае кіраўніцтва арганізацыяй, якое не мае пад сабой структуры. Напрыклад, калі вы прыедзеце ў Індуру, ці куды-яшчэ, і запытаецеся ў людзей пра СП, вас накіруюць да нашага старшыні. Калі ж вы запытаецеся пра «афіцыйны саюз», дык хутчэй за ўсё атрымаеце адказ: «Мы такіх ня ведаем». У грамадскай свядомасці усё адназначна. І толькі ў сельсавеце быць можа вам нешта падкажуць, таму што на паперы там нехта ёсць – хутчэй за ўсё старшыня. Але ж да яго павінна быць рада, да рады – актывісты… Атрымліваецца, што «афіцыйнага саюзу» па-просту не існуе.
>
Анжаліка Борыс у «звычайным асяроддзі»
Нагадаем, што ў 2005 г. адбыўся так званы «раскол» Саюзу палякаў: пасля выбрання старшынёй Саюзу Анжалікі Борыс, уладамі быў інспіраваны «альтэрнатыўны з’езд», які ў якасці старшыні падтрымаў 69-гадовага Юзафа Лучніка. Такім чынам, непрызнаная Мінюстам арганізацыя на чале з Борыс перайшла фактычна на нелегальнае становішча. Інцыдэнт выклікаў дыпламатычны крызіс паміж Польшчай і Беларуссю, які суправаджаўся высылкай дыпламатаў і узаемнымі нотамі пратэсту. Мела месца зацятая барацьба, ў тым ліку за 17 Дамоў польскіх па ўсёй Беларусі, якія юрыдычна адыходзілі праўладнаму саюзу, але ў свой час купляліся і рэмантаваліся за кошт Польскай дзяржавы. Канфлікт суправджаўся неаднаразовымі затрыманнямі, пагрозамі, звальненнямі ў адрас СП на чале з Борыс. Зараз незалежны саюз узначальвае Анжаліка Арэхва.
Выкарыстаны здымкі з НН, Свабоды, Народнай волі, Хартыі