ЭКАНАМІЧНЫ КРЫЗІС – ПРЫВІД ЦІ НАЯЎНАСЦЬ?

|

А тым часам каля абменнікаў…


Праз некалькі дзён пасля праваслаўнага Раства закінуў мяне лёс на рынак «Карона». Праходзячы паміж радоў, звярнула ўвагу на доўгую чаргу напружаных і незапакоеных людзей каля абменніка.

 

Падыходжу да іх і таксама станаўлюся у чаргу, акурат пасля дзвюх жанчын лет 35-40 (знешнасць іх не так запомнілася, як запомніўся моцны пах парфумы, ды такі, што доўга стаяць побач было смерці падобна). Адзінае, што мяне ўтрымала, – іхняя размова, выпадковай сведкай якой я і апынулася.

 

– Сын як даведаўся аб гэтым, адразу мне патэлефанаваў з Мінску і настойліва раіў хутчэй абмяняць нашы грошы на даляры ці еўра. Вось я і вырашыла на ўсялякі выпадак абмяняць свае зберажэнні.

 

– Не адна ты такая разумная! У першых чыслах тут было не пратаўкнуцца… Я асобых зберажэнняў не маю, але таксама памяняла грошы на валюту – амаль усё, што мела. Невядома, што там далей будзе, але з пустой кішэняй ужо не застануся.

 

Як бы мне не хацелася паслухаць яшчэ, але (па адзначанай вышэй прычыне), стаяць тут болей я не магла. Але цікавасць засталася, і я іду да іншага абменніка. Ізноў – чарга людзей, мітуслівых і напружаных. Падыходжу да мужчыны гадоў 45 (ад яго хоць добра пахла!) і пытаю, што тут адбываецца, з чаго такі ажыятаж? Ён паглядзеў на мяне як на вар`ятку:

 

– Дзяучына, вы што, з Месяца ўпалі? Валюты не хапае. Крызіс жа сусветны!

 

– У нашай краіне крызісу няма, – запярэчваю я з хітрай усмешкай. Ён сумна адказвае:

 

– Яго-та няма, ёсць толькі яго наступствы.

 

У гэты момант раздаецца голас, які апавясціў, што абменнік зачыняецца з-за адсутнасці валюты. Гэта выклікала хвалю абурэння ўсіх прысутных, нехта пачаў крычаць і нецэнзурна выражацца. Але супраць зачыненага акенца не папрэш! Мой суразмоўнік пачырванеў з прыкрасці, чартыхнуўся і пайшоў прэч. Чарга пачала разыходзіцца. Бачу – стаіць і галасіць бабулька.

 

– А-ёячкі, што ж рабіць? Куды ісці? Бабулька з выгляду добрая, такія, як яна, заусёды выклікаюць павагу і спачуванне.

 

Падыходжу:

 

– Вам чым-небудзь дапамагчы?

 

– А чым жа ты мне дапаможаш, дзетачка? Хіба што грошы памяняеш.

 

– А навошта іх мяняць?

 

– Як навошта? Апошнія гады ўсё збіраю грошы на сваю смерць, а тут і гэта магу страціць. Што ж гэта будзе? Не дадуць спакойна дажыць свой век. А-ёячкі, што ж рабіць?

 

Так шкада яе стала. Паспрабавала супакоіць, паспачувала, падбадзёрыла. Роспачы больш не было, але страх перад будучыняй застаўся. А можа і не праходзіў ніколі?


… у банках

 

Вырашыла зайсці у банк (не буду называць які, бо амаль ва ўсіх адбывалася адно і тое ж). Карціна падобная: шмат людзей, у паветры адчуваецца напружанне і асцярожнасць. Нехта сварыцца паміж сабою (толькі вельмі ціха), нехта шэпчацца па вуглах, хтосьці цярпліва чакае сваёй чаргі ці нярвова церабіць партманэ (напэўна, з вялікай сумай грошаў, раз так нярвуецца). У саліднага 30-гадовага мужчыны спрабую даведацца меркаванні наконт усяго, што адбываецца. Ён крыху здзіўлены, але паведаміў, што захоўвае свае грошы ў банках (не шкляных, дакладна), пры тым – у валюце. Сяргей (як ён прадставіўся) займаўся бізнэсам і вельмі станоўча ставіўся да памкненняў улады па лібералізацыі эканомікі. У дэвальвацыі беларускага рубля ён не ўбачыў нічога катастрафічнага, нават наадварот, лічыць гэта штуршком для эканамічных рэформ і далейшага развіцця эканомікі ў больш спрыяльным накірунку. А потым ціхенька дадаў:

 

– Толькі вы асцярожней пытайцеся аб такіх рэчах. Ва ўсіх банках сочаць за тым, каб не ўзнікала такіх размоў, як наша. Гэта прыраўніваецца да распаўсюду чутак аб крызісе, якога у нас як бы і няма, адсюль – палоханне насельніцтва. За гэта могуць затрымаць і нават пасадзіць у турму. Бачыце, вон той ахоўнік ужо некалькі хвілін сочыць за намі.

 

Сапраўды, ахоўнік каля дзвярэй не звадзіў з нас вачэй. Наўрад я яму спадабалася, лепш «зрабіць ногі»! Адчуваючы на сабе цяжкі позірк ахоўніка, пачынаю напяваць песенку і хутка пакідаю банк. … паміж намі, валютчыкамі Толькі адыходжу некалькі крокаў ад будынку банка, як падыходзіць да мяне добра апрануты малады чалавек (шанцуе мне сёння на зацікаўленых хлопцаў!) і ціха кажа:

 

– Жадаеце купіць валюту? М-да, хоць бы дзеля выгляду запытаў, як мяне клічуць…

 

– Можа і жадаю, а што?

 

– Магу абмяняць грошы па вельмі выгоднаму для вас курсу. Цудоўненька. Дарма ён да мяне падышоў. А вы ўпэўнены ў тым, што для мяне выгодна, а што – не?

 

Ён глядзіць на мяне ўжо знаёмым позіркам – як на вар`ятку. Ну што ж, сам вінаваты…

 

– Ведаеце, мне патрэбны кітайскія йены. І яшчэ трэба нямецкія маркі сталага ўзору на швецкія на кроны памяняць. Дапаможаце?

 

Не чакаючы яго рэакцыі, разварочваюся і хутка адыходжу. На сёння прыгод хопіць.


Праз тыдзень

 

Дведаўшыся аб узятых Беларуссю новых крэдытах і аб мерапрыемствах супраць так званых панікёраў («злачынцаў», якія гавараць аб крызісе і палохаюць людзей ў чаргах), раблю новую спробу наведвання абменнікаў і бачу зусім іншую карціну: доўгіх чаргоў няма, у працаўнікоў абменнікаў выгляд твару спакойны. І толькі нешматлікія наведвальнікі не губляюць асцярожнасці ў паводзінах: на пытанні не адказваюць, збягаюць ці адмахваюцца. Пастаяла я так з паўгадзінкі і парушыла на вуліцу.

 

Дакладна, узяты дзяржавай крэдыт усталяваў нейкую стабільнасць – з`явілася валюта, пачатковы ажыятаж спаў, людзі крыху супакоіліся. Парадавацца б за гэта, але ўсё роўна неяк неспакойна. І тут я раптам зразумела, чаму: ва ўсіх абменніках і банках, дзе я была, праяўляўся (у большай ці меньшай ступені) адзін і той жа пах – пах насцярожанасці і страху. Людзі баяцца гаварыць ўжо нават не аб тым, што думаюць і мяркуюць, а аб тым, што адбываецца на самой справе! Але, як кажа ўсходняя мудрасць – колькі не кажы «халва» у роце салодка не стане. Колькі не кажы «моцная і квітнеючая Беларусь», квітнеюць у ёй кошты, а мацнее – даляр.