«Офіс па правах людзей з інваліднасцю» наведаў Гродна

|

Мэтай сустрэчы было інфармаванне грамадскасці аб правах людзей з інваліднасцю, аб Офісе па правах людзей з інваліднасцю, Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, аб механізмах абароны правоў людзей з інваліднасцю, дэманстрацыя кампаній і праектаў па абароне правоў людзей з інваліднасцю.

Спецыяліст па камунікацыях Офіса па правах людзей з інваліднасцю Таісія Пастухова:

У гэтым годзе наша асноўная задача – наладзіць працу з рэгіёнамі, таму што вельмі шмат людзей з рэгіёнаў звяртаюцца да нас па дапамогу, прыязджаюць. Вось мы і вырашылі аб’ехаць абласныя цэнтры самі, каб адказаць на пытанні, дапамагчы, а пасля ўжо будзем весці працу з рэгіянальнымі актывістамі.
Наша задача – навучыць людзей з інваліднасцю абараняцца і абараняць свае правы. Зваротаў вельмі шмат і ў большасці выпадкаў мы яшчэ не дасягнулі вынікаў, але ёсць і шмат станоўчых рашэнняў.

Сустрэча ў Гродне праводзілася ў межах інфармацыйнай кампаніі “Даступнасць”. Яе асноўная мэта – барацьба з інфармацыйнымі, прававымі, эканамічнымі, архітэктурнымі, ментальнымі бар’ерамі ў дачыненні людзей-інвалідаў.

Каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі распавёў аб працы арганізацыі, аб Канвенцыі па правах інвалідаў, прынятай ААН у 2006 годзе і пакуль не прынятай у Беларусі.
У другой частцы сустрэчы Сяргей Драздоўскі, юрысконсульт  арганізацыі Юлія Копак і спецыяліст па камунікацыях Таісія Пастухова адказвалі на пытанні аўдыторыі.

На сустрэчу прыйшлі два дзесяткі гарадзенцаў, якія выкарысталі магчымасць, каб атрымаць карысную інфармацыю і кансультацыі па складаных пытаннях. Людзі казалі пра цяжкасці з атрыманнем льготнага жылля, бясплатных лекаў, з сацыялізацыяй, адукацыяй і працаўладкаваннем інвалідаў, дзяліліся вопытам і часам дапамагалі парадамі адзін аднаму.

 

alt=”Image 19067″ >

Ірына, Беларуская Асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам:
Хацелася больш даведацца пра абарону правоў інвалідаў, добра было б, каб Беларусь далучылася да Канвенцыі ААН, і каб мамы дзяцей-інвалідаў маглі працаваць. Калі б нашыя дзеці знаходзіліся кожны дзень пад наглядам у Цэнтры дзённага прабывання, мы б таксама маглі хадзіць на працу, зарабляць.
Шмат што змяняецца да лепшага, але праблемы застаюцца. Вельмі хвалюе праблема аздараўлення нашых дзяцей, праблема іх навучання, калі мы не маем магчымасці дабрацца да школы ці садка.

Вера Аляксандраўна:
Мая дачка ходзіць у Цэнтр дзённага прабывання Кастрычніцкага раёна. Добра было б, каб знайшлося прадпрыемства ці нейкая структура, якая ўзяла б гэты цэнтр пад апеку, выдзяляла сродкі на набыццё канцтавараў, паездкі, правядзенне святаў.

Не ўсе заданыя на сустрэчы пытанні мелі адказы. Часта жыццё людзям з інваліднасцью абцяжарвае недасканаласць закона, няведанне сваіх правоў, няўменне іх адстойваць і адсутнасць дапамогі звонку.

Паводле супрацоўнікаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю, у некаторых складаных сітуацыях вельмі дапамагае публічнасць. Яны раяць распавядаць пра свае праблемы праз СМІ, звяртацца да журналістаў, якія змогуць правесці журналісцкае расследванне і разабрацца ў сітуацыі, а ў скрайніх выпадках адстойваць свае правы ў судзе.