Падсрачнік на фоне… дрэваў

Учора, 31-га студзеня, ў Мінску а 12-й гадзіне мелася прайсці прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў партыяў і рухаў, уваходзячых у «шасцёрку» (кампанія «Гавары праўду!», партыі БНФ, БХД, «Справядлівы Свет», АГП і Рух «За свабоду»), з нагоды падпісання пагаднення аб адзіных дзеяннях апазіцыі ў часе парламенцкіх выбараў.

>

Журналісты аднак не дачакаліся прэс-канферэнцыі, замест якой кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька паведаміў, што патрэбны яшчэ адзін раўнд перамоваў. Як высветлілася, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі адмовіўся падпісваць пагадненне, паколькі не паспеў азнаёміцца з ягоным тэкстам: дагэтуль, маўляў, гаворка ішла пра зусім іншы дакумант. Напрыканцы ж паседжання, як адразу паведамілі СМІ, адбылася ледзь не бойка паміж Рымашэўскім і Фядутай. Аб акалічнасцях здарэння і самым мерапрыемстве пагадзіўся распавесці сам Аляксанадар Іосіфавіч.

 

– Дык за што вы ўдарылі Рымашэўскага?

– Нажаль, спадар Рымашэўскі прыйшоў на паседжанне з жаданнем скандалу, пачаў крычаць, абвінаваціў Губарэвіча і ўсіх нас у тым, што мы выконваем загад КДБ, мяне назваў агентам. Мы нават ня ведалі што адказаць! І раптам пасля паседжання, Рымашэўскі падыходзіць і працягвае мне руку, як быццам нічога не адбылося. Але ж трэба адказваць за свае ўчынкі, прынамсі папрасіць прабачэння – я рукі, вядома, не падаў. І тут ён мяне пацягнуў за гальштук і канешне атрымаў! Мне ж не 17 год… Я нават не паспеў усвядоміць, што я раблю, тыя ж людзі, якія мяне ведаюць, разумеюць, што мне гэта зрабіць досыць цяжка… (смяецца). Пры гэтым я лічу, што здзейсніў мару кожнага беларуса: даць падсрачніка зарэгістраванаму кандыдату ў прэзідэнты!

 

– Не шкадуеце аб тым, што адрэагавалі менавіта так?

– Сорамна трошку прыніжацца да ўзроўню Рымашэўскага: гэты чалавек здольны толькі да самапіяру. Шкадую аб тым, што наоглул з ім звязаўся. Пасля ўсяго пазваніў Някляеву, распавёў – ён толькі пасмяяўся.

 

– Ці задаволеныя вы вынікамі паседжання?

– Канешне, не задаволены. Шкада, што так адбылося: упершыню ў нашых перамовах з’явілася канкрэтыка, упершыню падпісанты абавязаліся здымаць кандыдатуры, калі ўладамі не будуць выкананыя ўмовы дакуманту. Гэта было цяжкае рашэнне, але мы прынялі яго – нашыя рэгіянальныя прадстаўнікі яго прадтрымалі.

 

Прадстаўнікі «Гавары Праўду!», БНФ, Руху «За свабоду» выступілі за тое, каб ухваліць дакумант, партыя «Справядлівы Свет» фактычна падтрымала большасць. Ірына Вештард ад БСДП «Грамада» паведаміла аб тым, што калі з’езд партыі выступіць «за», яны таксама далучацца: «Гэта нашая цвёрдая, прынцыповая, маральная пазіцыя. У нас з’явіўся рычаг ціску на ўладу: калі да часу ў турмах яшчэ будуць заставацца палітвязні, нашыя людзі ў сваю чаргу не застануцца ў спісах кандыдатаў».

 

…Гэтым часам у Гродна, за дзень да скандальнай прэс-канферэнцыі, адбылася падзея, якая не прыцягнула да сябе ўвагі ані СМІ, ані палітыкаў, ані гарадзенцаў у сваёй масе. У мікрараёне Вішнявец прайшоў першы ў гісторыі горада сход па пытанні вырубкі ці захавання лесу, пад якім чыноўнікі хацелі пракласці камунікацыі.

 

Згодна сведчанням відавочцаў на сход прыйшлі ажно тры (!) гарадзенцы, занепакоеныя лёсам дрэваў і цэлая каманда (!) чыноўнікаў, якія і вырашылі лёс лесу. За вырубку 56 стогадовых соснаў галасаваў у тым ліку і чыноўнік з абласной інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя…

 

– Вельмі паказальная гісторыя, – каментуе гісторык і грамадскі дзеяч Андрэй Вашкевіч, – пара ўлётак ці хаця б элементарная прысутнасць нашых «дзеячоў» з Будзёнага 48а давалі цалкам рэальны шанец захаваць лес. Маленькая, але перамога, замест таго каб калдырыць і даваць паддупнікі адзін аднаму. Вас што, дарагія, вопыт 2006-07 гадоў у Гродна так нічому і не навучыў? Чаго ж вы хочаце ад людзей, каб яны, дурныя, галасавалі за вас…

У артыкуле выкарыстаны здымкі Еўрарадыё, Ю.Дарашкевіч і Н.Крапівінай