Альтэрнатыўная музычная пляцоўка спыніла існаванне
«ДК Грэка» будзе знесена, таму што праз гэтае месца пройдзе новая гарадская развязка: праз вул. Азёрская шаша да вул. Цеміразева. Апошні канцэрт у месцы альтэрнатыўных выступаў адбыўся напрыканцы снежня 2011 года.
«Гэта была кропка, дзе мы праводзілі рэпетыцыі і ладзілі канцэрты. Мы там збіраліся, размаўлялі, працавалі. Для нас гэта была своеасаблівая атдушына», – распавядае Алесь Дзянісаў, вакаліст легендарнага гродзенскага гурту «Кальян». Менавіта ў «Грэка» гурт адзначыў сваё 15-ці годдзе вялізарным канцэртам, у якім прынялі ўдзел каля дзесятку выканаўцаў і прысутнічала каля 200 гледачоў.
«Зараз мы шукаем іншае памяшканне, каб працягваць сваю дзейнасць у горадзе надалей. Мы страцілі не проста «кропку», але і месца сустрэч гарадзенскіх, і не толькі, музыкаў», – распавядае Зміцер Грэк, адзін з арганізатараў канцэртаў, дзякуючы якому альтэрнатыўная пляцоўка і атрымала сваю назву.
>
Перад мікрафонам – Аляксандр Памідораў
Канцэрты тут ладзіліся на энтузіазме, без грошай, на адным жаданні гуртоў. У «Грэка» давалі канцэрты розныя выканаўцы, у тым ліку Аляксандр Памідораў і беларускі metal гурт Exist-M. Гродзенскія музыкі спадзяюцца, што ў бліжэйшы час будзе знойдзена новае месца для правядзення альтэрнатыўных выступаў.