“Паслізнуўся, згубіў прытомнасць – інвалід”: эсэ пра гарадзенскую дзяўчыну перамагло ў конкурсе

|

Мэтай спабору па тэме “Даступнасць і інваліднасць. Канвенцыя аб правах інвалідаў” было пашырэнне ведаў аб праблематыцы правоў людзей з інваліднасцю ў Беларусі, прасоўванне ідэй роўнага ўдзелу, даступнасці і ўключэння для кожнага, развіццё экспертнага патэнцыяла ў сферы правоў людзей з інваліднасцю ў Беларусі.

Юля Катаржынская:
–  На конкурс я даслала матэрыял пра Аксану Якуцэвіч , падрыхтаваны па выніках прэс-тура, арганізаванага грамадскім аб’яднаннем “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Даслала па парадзе рэдактара  “Твайго стылю” Вітаўта Рудніка, які палічыў працу добрай і годнай конкурса.

З праблемамі людзей  з абмежаванымі магчымасцямі Юлі даводзілася сутыкацца і раней: у дзіцячым хоспісе, цэнтры медыцынскай рэабілітацыі.

Юля:
-Падчас таго прэс-тура мы наведалі шмат месцаў, людзей, арганізацый – усё было звязана з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі.  А напісала пра гэтую дзяўчыну, бо  кранула яе гісторыя жыцця, тое, як у адзін момант можна ўсяго пазбавіцца, але пры гэтым застацца добрым і жыццярадасным чалавекам.
Перамога была нечаканай, я ўжо паспела забыцца пра адпраўлены артыкул, а тут тэлефануюць і запрашаюць у Мінск на ўручэнне ўзнагароды.

У падарунак Юля атрымала фотакамеру і прапанову стажыроўкі ў асветніцкай праваабарончай установе “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”.