Каму – выходныя, а каму i цяжкая праца
Тралейбусы, аўтобусы і маршруткі чакаюць сваіх паўночных пасажыраў. Пажарныя, міліцыянеры і медыцынскія работнікі чакаюць сваёй чаргі, каб прыйсці на дапамогу. Аптэкары абкладваюцца анальгінам і валідолам….
А на самай справе асаблівага жадання працаваць не мае амаль ніхто. Вось, напрыклад, гарадзенскія кругласуткавыя аптэкі адкрыліся роўна ў 00.00. Хтосьці адкрывае шампанскае, напаўняе куфлі, а ты «чухаеш» на працу. Кіроўцам аўтобусаў і тралейбусаў наогул прыходзілася калясіць па пустым горадзе да гадзіны ночы. А што рабіць, калі па графіку прыйшлося выходзіць на працу? Замяніцца практычна немагчыма. Затое адпрацаваў у свята і зарплату атрымаў як за звычайныя тры дні!
А яшчэ многа ўсяго цікавага можа адбыцца за гэты час. Калі яшчэ здарыцца падвезці Дзядоў Марозаў са Снягуркамі, якія таксама спазняюцца на працу… А некаму атрымліваецца спыніцца каля сваёй хаты каля 24-х гадзін, павіншаваць усіх і ізноў баразніць прасторы зімовых вуліц на таксоўцы.
Таксістам наогул шанцуе – за працу ў навагоднюю ноч можна нядрэнна зарабіць. Прадаўцам таксама ў святы не пазайздросціш – пакупнікоў мора, няма часу на перапынак, затое гандаль ідзе добра, прыбытак велізарны, і пакупнікі настрой не псуюць – у іх жа свята, выходны!
А вось супрацоўнікам гарадзенскага выцвярэзніка можна было адпачыць, за навагоднюю ноч не было ні аднаго выпадку дастаўкі пацыентаў. Гэтак жа і супрацоўнікі МНС адпачывалі, пажараў, за выключэннем аднаго (зусім маленькага), не зафіксавана. Вось так і працавалі людзі ўсе навагоднія канікулы, каб пазбавіць нас ад клопатаў і праблем, а ў выпадку здарэнняў прыйсці на дапамогу.