БЕЛАРУСЬ АДРОДЗІЦЦА ВЕРАЮ
З братам Зміцерам я сустрэўся на кватэры знаёмага грэка-каталіцкага святара. Наша размова не была працяглай, бо госць з Украіны выглядаў трошкі стомлена, і не хацелася нагружаць яго дзяжурнымі пытаннямі, але некалькі цікавых фактаў з біяграфіі гэтага чалавека я вам і прапаную.
− Я чуў, што падчас навучання ў Гродна вы прымалі актыўны ўдзел у апазіцыйных арганізацыях гораду?
− Фактычна гэта была толькі адна арганізацыя − Малады Фронт, хаця наведваў і яшчэ некаторыя, але ў іх актыўнага ўдзелу не прымаў.
− А мець справу з прадстаўнікамі правапарадку даводзілася?
− Так. Быў адзін выпадак. Мяне затрымалі ўжо на восьмы дзень навучання. Акурат 8 верасня святкаваўся дзень беларускай вайсковай славы, і я з сябрам раздаваў улёткі, на каторых была напісана невялічкая гістарычная даведка пра Аршанскую бітву. Хутка да нас падышоў міліцыянт і заўважыўшы, што ўлётка без выходных звестак, папрасіў прайсці з ім у пастарунак. Там мы «адгаварыліся», але пра наша затрыманне міліцыянты паведамілі кіраўніцтву ўніверсітэту, і ў нас дадалося трошкі клопатаў.
− Як на вашу думку, ці апазіцыя з’яўляецца альтэрнатывай існуючай уладзе?
− На маю думку апазіцыя ня ёсць добрай альтэрнатывай, бо яна не прапаноўвае нешта новае, а прапануе замяніць адны ідалы на другія. Для таго, каб краіна жыла нармальна, нам трэба вярнуцца да праўдзівага і адзінага Бога.
− Ці бацькі падтрымлівалі вашу грамадзянскую пазіцыю?
− Не. Яны з’яўляюцца прыхільнікамі ўлады і таму хатнія размовы часта перарасталі ў сваркі і канфлікты.
− А што паслужыла прычынай вашага адыходу ад палітычных спраў?
− Тут вялікі ўнёсак зрабіў айцец Віктар Данілаў, які сваім місіянерскім духам абудзіў у мяне любоў да Госпада. Да таго ж ёсць прыклад ізраільскага народу. Калі народ Божы пакланяецца Богу, то тады жыццё гэтага народа пачынае ісці гарманічна і шчасліва.
− Па сканчэнні навучання ў семінарыі плануеце вярнуцца працаваць у Беларусь?
− Безумоўна, вярнуся. Гэта было задумана яшчэ перад пачаткам майго навучання. Кожны чалавек мае права думаць так, як хоча, і рабіць так, як лічыць неабходным, але на ўсіх нас ляжыць адказнасць за будучае краіны. Каб яно не было змрочным і безперспектыўным, трэба прытрымлівацца маральных нормаў, якія былі прапісаны ў Бібліі больш за дзве тысячы год таму. І можа правы быў той паэт, каторы пісаў: «Беларусь адродзіцца вераю».
Ян ГАБІС