За тыдзень гарадзенскія выратавальнікі праверылі больш за 12000 домаўладанняў

|

Па інфармацыі прэс-службы, за гэты час праверана 12127 домаўладанняў, уручана 2171 прадпісанне на ліквідацыю парушэнняў, складзены 501 адміністратыўны пратакол.

Убачанае падчас рэйдаў часам уражвала.

У адным з дамоў у Свіслачы, дзе жыве маці з трыма дзецьмі, знайшлі цэлы букет парушэнняў, кожнае з якіх магло каштаваць жыцця жыхарам. У электрычным шчытку – так званы “жучок”, у аўтаномным пажарным ізвяшчальніку няма элемента сілкавання, у сценах печы – расколіны, дзверка не зачыняецца, пад ёй ляжыць дыванок. Падчас візіту выратавальнікаў усе канфоркі газавай пліты былі ўключаны. Васьмігадовая дзяўчынка, якая з-за маразоў не пайшла ў школу і была дома адна, выключаць газ не ўмела.

На гаспадыню склалі адміністрацыйны пратакол і вынеслі патрабаванне на забарону эксплуатацыі печы і электралічыльніка. Дапамагчы жанчыне ўпарадкаваць жытло паабяцалі прадстаўнікі мясцовых уладаў.

 

Пільная суседка дапамагла прадухіліць магчымую трагедыю ў вёсцы Наваселкі Гродзенскага раёна.

Яна паведаміла выратавальнікам аб тым, што з вакон хаты, дзе жыве 55-гадовы інвалід увесь час ідзе чорны дым.

Гэта ўбачылі і супрацоўнікі МНС. У самім памяшканні яны заўважылі абгарэлую мэблю і шпалеры. Відавочна, выпадкі ўзгарання тут ужо былі. Гаспадар жытла сустрэў выратавальнікаў у клубах дыму з цыгарэтай у руке.

Высветлілася, што ён сам зрабіў печ, з дапамогай якой атапліваў дом і гатаваў ежу. Дымаходу ў печы не было ўвогуле, дым ішоў проста ў памяшканне.

Гаспадара дома, які аказаўся не зусім адэкватным, даставілі ў аддзяленне для псіханеўралагічных хворых.

 

Як паведаміла “Твайму стылю” прэс-сакратар Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Наталля Жывалеўская, толькі за студзень у вобласці адбылося 72 пажары, у вагні загінуў 21 чалавек, 9 атрымалі сур’ёзныя траўмы, 8 выратаваныя супрацоўнікамі ўпраўлення МНС.

 

Паводле http://112.by

Здымак з сайта http://www.polese.by