Па слядах помніка Каліноўскаму

Справа ў тым, што 19 кастрычніка 1989 г. рашэннем Гродзенскага гарвыканкаму для помніка К. Каліноўскаму была адведзеная пляцоўка, прылягаючая да будынку абласнога Савета прафсаюзаў па вул. Савецкай (пасля грамадскага абмеркавання праз органы мясцовага друку і згодна пастанове ЦК КПБ «Аб усталяванні ў Гродна помніку рэвалюцыянеру-дэмакрату К.Каліноўскаму»).

 

align=”left” > «Падчас перабудовы, калі пачалі адчыняцца ўсе шлюзы – ідэалагічныя і эмацыйныя, – узгадвае ўдзельнік тых падзеяў краязнаўца Алесь Госцеў, – усплылі імёны шматлікіх славутых беларусаў. Таго ж Скарыны! Гродзенцы пачалі ўзгадваць імёны дзеячоў, павязаных з нашым горадам, якіх трэба ўшаноўваць у першую чаргу. Тады і выйшлі на свет два знакавых, на мой погляд, прозвішчы: Максім Багдановіч і Кастусь Каліноўскі. Адразу паўстала пытанне аб іх увечніванні. Самае прыстойнае ў гэтым выпадку – гэта помнікі. Пачалі распрацоўвацца адпаведныя напрамкі: збіраліся грошы, абвяшчаліся конкурсы на праекты. Калі казаць пра Каліноўскага, дык я памятаю, што гэтая кампанія ішла вельмі шырока. Займаўся ёй Фонд культуры, які меў свой рахунак у банку. Я тады быў ягоным актыўным сябрам, прапаноўваў арганізаваць там Краязнаўчую камісію. Асабіста я, працуючы ў ДзІАПе, сабраў на гэтую справу 25 рублёў (параўнайце курсы – аўт.).

 

Абралі месца каля будынку былога Абласнога савета прафсаюзаў былога, таму што гэта быў цэнтар, месца было вольным, але галоўным фактарам было тое, што літаральна насупраць кватэраваўся сам Каліноўскі ў свайго паплечніка Ідэльфонса Мілевіча. На доме Мілевіча (сучасная крама «Оптыка»), дарэчы, планавалі павесіць адпаведную дошку. Такім чынам, планавалася ўшанаваць паўстанцаў 1863 г. тройчы: дзвума памятнымі дошкамі і помнікам. У выніку была ўсталявана толькі драўляная дошка працы Ўладзіміра Панцялеева з выявай звана на будынку Чыгуначнага вакзалу. Астатняе заглохла…»

 

Тым не менш. справа не спынілася разам з «замаразкамі на афіцыйным узроўні. Сярод неабыякавай грамадскасці пагалоска аб помніку Каліноўскаму, для якога ўжо было нават канкрэтнае месца знойдзена, жыла і давала свае парасткі. Мінула больш за дзесяць год з часу прыняцця афіцыйнага рашэння і ў 2001-м, незалежная прэса зноўку падхапіла тэму: маладафронтаўцы зладзілі ў горадзе марафон з плакатам, які нагадваў аб помніку. Не без іроніі ўзгадвае падзею колішні актывіст гарадской арганізацыі Валер Руселік:

 

«…Тады неяк на паседжаньні Маладога Фронту абмяркоўвалі, як адзначыць дзень загубы Кастуся Каліноўскага, які прыпадае на 22 сакавіка. Спахапіліся позна, таму сэнсу ў спробах легалізаваць пікет не было. Я прапанаваў пікет-марафон: выходзіць з плакатам па аднаму на тое месца, дзе меўся стаяць помнік Каліноўскаму – калі міліцыя забірае, то выходзіць наступны чалавек і г.д. Ну, сам прапанаваў, то сам першы і пашоў. З журналістаў быў Сяргей Астравец ад «Свабоды», хаваўся ў першай арцы, дзе цяпер уваход да «Крыгі» – рабіў выгляд, што папросту шпацыруе, ад гэтага «паліўся» яшчэ больш. Маладафрантоўцы таксама пахаваліся паблізу з запаснымі плакатамі.

 

Стаў побач, насупраць уваходу ў будынак (Аграпрамбанк там зараз, ці што?). Стаяў сабе, стаяў: людзей падыходзіла мала, усё больш азіраліся ды цікавалі на адлегласьці. З будынку вышлі нейкія два здаровыя мужыкі, чую ад спіны: «Эт чё за х…ня?!» – ну, думаю, зараз мне па галаве і дадуць. Падышлі, зірнулі плякат. Кажу ім: «Тут меўся помнік Каліноўскаму стаяць, патрабую! ». Яны: «А чё, нормально, молодец! » – і пайшлі.

Яшчэ нейкі дзед падышоў, усё распытваў пра Каліноўскага… Сябры пабачылі, што ніхто не чапляецца, падышлі ўсім бурштам да мяне, пачалі навыперадкі з плакатамі стаяць ды фоткацца – вось тады і падышоў міліцыянт, як выявілася, інспэктар па справаў непаўнагадовых. А стаяў там хлопец адзін малы з плакатам, у ШМЖ яшчэ навучаўся, дык да яго міліцыянт і дачапіўся, забраў у пастарунак высвятляць акалічнасьці. Ці быў плён ад тае акцыі? Думаю, быў. Дагэтуль не рабілі мы пікетаў-марафонаў, дык выпрабавалі на практыцы, добрая тактыка атрымалася. Помнік, вядома ж, не паставілі, аднак, думаю, сама тая акцыя сталася гэткім нашым помнікам Каліноўскаму».

 

Ці падымалася дадзенае пытанне на гарадскім узроўні пасля? Што думаюць гродзенцы пра помнік зараз, напярэдадні 150-годдзя паўстання? Працяг будзе!

Ілюстрацыя на застаўцы http://bdg.by. Фота з архіву Горадзенскага МФ, moladz.org.