Гарадзенцаў, у якіх няма прышчэпак ад адзёру, запросяць на вакцынацыю
У Гродзенскім раёне, сведчаць эпідэміёлагі, інфекцыя не рэгіструецца больш за 10 гадоў.
Аднак, улічваючы дрэнную эпідэмічную сітуацыю ў суседніх краінах, рэгістрацыю выпадкаў адзёру ў Беларусі і высокі ўзровень міграцыі насельніцтва, існуе рызыка завозу інфекцыі ў Гродна і яе распаўсюджванне.
У Беларусі летась было зафіксавана 50 выпадкаў адзёру. Ужо сёлета выяўлена 6 выпадкаў захворвання ў Брэсце (3 дзіцяці, 2 чалавекі ва ўзросце 28 гадоў, адзін 34-гадовы).
Паводле Гродненскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, “групай рызыкі” з’яўляецца моладзь 20-29 гадоў. Як сведчаць дадзеныя лабараторных даследванняў узроўню імунітэту, што рабіліся ў Беларусі ў 2011 годзе, больш за 40% прадстаўнікоў гэтай узроставай групы ўспрымальныя да адзёру. Таму рызыка ўзнікнення і распаўсюджвання інфекцыі застаецца вельмі высокай.
Адзіным эфектыўным метадам барацьбы з адзёрам застаецца вакцынапрафілактыка. У Беларусі імунізацыя праводзіцца двухразова: ва ўзросце аднаго года і шасці гадоў.
З улікам эпідэміі адзёру ў Еўропе, значнай колькасцю захварэўшых ва Ўкраіне (з пачатку года больш за 2000 выпадкаў) і Расіі, Міністэрства аховы здароўя правядзе ў Беларусі дадатковую імунізацыю насельніцтва. Увага найперш будзе звяртацца на людзей ва ўзросце 20-29 гадоў (якія не маюць прышчэпкі, маюць толькі адну прышчэпку, альбо не маюць звестак аб прышчэпках).
Гродзенскія паліклінікі на дадзены момант правяраюць свае картатэкі, удакладняючы спісы тых, хто мае патрэбу ва імунізацыі. Паводле падрыхтаваных медыцынскімі ўстановамі спісаў будзе набыта неабходная колькасць вакцыны, і тады ў паліклінікі па месцы жыхарства на прышчэпкі запросяць тых, каму гэта неабходна.
Прычын для непакою ў гарадзенцаў пакуль няма.
Аднак спецыялісты Гродненскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя раяць паклапаціцца пра сваё здароўе тым, хто збіраецца ў паездкі за межы Беларусі.
Калі вам не рабілі прышчэпак супраць адзёру альбо не памятаеце пра гэта дакладна, звярніцеся да ўчастковага тэрапеўта. Атрымаць прышчэпку неабходна не менш чым за 4 тыдні да паездкі.
У Расіі за 2011 год колькасць выпадкаў адзёру павялічылася ў пяць разоў, паведамляе Расспажыўнагляд.
Па звестках на 9 лютага 2012 года, толькі ў С.-Пецярбурзе на адзёр захварэлі 109 чалавек. Інфекцыю у горад завёз падлетак, які вярнуўся ад сваякоў з Паўночнага Каўказу. Шпіталізаваны з падазрэннем на вірусную пнеўманію, ён да пастаноўкі правільнага дыягназу паспеў заразіць іншых хворых і медперсанал.
Захварэць на адзёр можна ў любым узросце. У дарослых хвароба працякае значна цяжэй, чым у дзяцей. Дарослыя часцей скардзяцца на боль у горле, галаўны боль, шурпатасць слізістых шчок, пяршэнне ў горле, больш выражаны сухі кашаль. Са з’яўленнем сыпу стан хворага рэзка пагаршаецца і характарызуецца вельмі высокай тэмпературай (39-40 градусаў), галаўным болем, ванітамі, трызненнем.
Хвароба рэзка аслабляе арганізм і адкрывае шлях для развіцця небяспечных для жыцця ўскладненняў.
Здымак з сайта http://zdorovushko.ru