Скандальныя “Маналогі” першымі ўбачылі гарадзенцы
Дагэтуль “Маналогі” дэманстраваліся больш чым у 50 краінах свету. Усе жанчыны, якія бралі удзел у спектаклі, кіраваліся адной мэтай – даць нарэшце слова той, якая доўга і пакорліва маўчала.
alt=”Image 19397″ >
Аднак у “Маналогах”раскрываюцца не толькі пытанні сэксуальнага характару. Аўтарка вядзе гледача праз рэальныя лёсы мноства самых розных жанчын. Гераіні спазнаюць асалоду, шукаюць страчаныя пачуцці, абураюцца і паўстаюць супраць гвалту, умоўнасцяў і табу.
Сваімі разважаннямі падзялілася Крысціна Вязоўская, рэжысёр беларускага варыянта “Маналогаў”.
– Пра што гавораць вагіны?
– Пра жанчын, пра пяшчоту, годнасць – пра тое, што ёсць унутры кожнай жанчыны. Пра шлях да самой сябе. Выпрабаванні і перашкоды на гэтым шляху – пра гвалт.
– Вагіна-жанчына? Наколькі гэта ўдалы метад раскрыцця праблемы гвалту?
– Гэта п’еса адназначна пра гвалт, але гаворка ідзе не толькі пра фізічнае ўздзеянне, але і пра гвалт эмацыянальны. У выніку жанчына проста адмаўляецца ад часткі сябе. Спачатку ад фізіялагічнай часткі, а потым і ад часткі сваёй душы. Соцыюм прымушае нас чырванець, калі мы кажам “Ой, вагіна?!…там, унізе…Ой?…святы распачаліся…” Гэта соцыюм прымушае нас адмаўляцца ад сябе: добрыя дзяўчынкі добра вучацца, не б’юцца, не крычаць, не грубіяняць – не змагаюцца за свае правы.
– Што зменіцца ад таго, што жанчына пачне гаварыць пра вагіну ці атаясамліваць сябе з ёй?
– Пачынаць можна з малога, хаця б казаць аб вагінах. Глядзіш, і прыйдзем да таго, што не будзем маўчаць, калі нас гвалцяць. Не будзем казаць “ну гэта быў проста жорсткі сэкс… я не хацела, але было прасцей даць…я зрабіла гэта, каб ён не сварыўся”. І гэта таксама гвалт, які можа падавацца драбязой. Але гэта снежны ком, які пачынаецца з вельмі маленькай сняжынкі. Замоўчванне, немагчымасць сказаць “вагіна” – потым проста жанчына не можа сябе абараніць.
– Ёсць такое выслоўе, якое часцей ужываюць, калі гавораць пра падлеткаў ці нават мужчын – “думаць адным месцам”. Можа, “Маналогі вагіны” акурат гэта і ёсць?
– Ёсць такія медытатыўныя практыкі, якія гавораць, што матка – гэта ворган стварэння. Жанчына, калі навучыцца думаць маткай, зменіцца. Калі мы навучымся слухаць сваю вагіну – навучымся слухаць сваё цела. А цела – гэта змесціва душы. Я ў гэта веру. Жанчына – гэта не толькі душа, пачуцці, эмоцыі, хаос, але і розум, рацыяналізм. Жанчына – найвялікшае стварэнне!
– Адбылося пераасэнсаванне сябе, са з’яўленнем “Маналогаў”?
– Безумоўна. Усе мы перажылі экзістэнцыянальныя крызісы, цяжкасці былі. Адбывалася бесперапынная праца над сабой. Мы прапускалі гэтыя гісторыі праз сябе. Уласны жыццёвы досвед дазваляе пражыць гераіню так, як мы яе ўяўляем.
– Прэм’ера ў Гродне, наступны паказ на пляцоўцы “Свабоднага тэатра” у Менску. А можа, хацелася б на вялікай сцэне, расцяжка агромністая ў цэнтры горада – “МАНАЛОГІ ВАГІНЫ”?
– У гэтай працы больш адчуваю сябе правадніком ідэі, а не вялікім рэжысёрам. Гэта мой першы рэжысёрскі вопыт. Мы не прафесіяналы. Дзеля ідэі – так! Каб жанчыны маглі вольна размаўляць аб вагінах у нашай краіне, якая прапаведуе гендэрную роўнасць. Каб мы маглі пісаць не толькі слова з трох літар на агароджы (Крысціна выказалася больш канкрэтна – рэд.), але і ВАГІНА на расцяжцы.
– Сітуацыя ў Магілёве, дзе адмянілі паказ рок-оперы “Ісус Хрыстос – суперзорка”, выпадак у Менску з актывісткамі Femen – не боязна, што “Маналогі вагіны” не прыжывуцца ў Беларусі?
– Мы ўсе з пашпартамі, калі што (смяецца). Але гэта жарт. Калі ж сур’ёзна…Адна актрыса адмовілася ад удзелу пасля выпадку з Femen. Гэта цалкам натуральна. Кожная жанчына мае права на страх. Мы ўсведамляем, што і дзеля чаго робім, бо гэта той выпадак, калі аўчынка вартая выдзелкі.
Паказы “Маналогаў вагіны” ладзяцца як дабрачынныя акцыі – збор грашовых ахвяраванняў для пераліку ў Фонд падтрымкі жанчын, якія пацярпелі ад гвалту.