Гарадская школа з марознай прыбіральняй

Нягледзячы на пануючыя маразы, якія сягаюць нават да мінус 20 градусаў, вучні грандзіцкай школы вымушаны карыстацца прыбіральняй, якая знаходзіцца ў двары навучальнай установы. Гэтае памяшканне не мае абагрэву і дзвярэй, а тэмпература ў ім не адрозніваецца ад тэмпературы на двары. На падлозе – замерзлыя лужы з мачы, на якіх лёгка паслізнуцца.

 

Варта узгадаць, што школа мае асаблівы інтаграцыйны статус. Гэта значыць, што разам са звычайнымі, у ёй навучаюцца дзеткі з асаблівасцямі развіцця. Па словах дырэктара школы Таццяны Галавенкі, востра пытанне аб прыбіральні не стаіць і на стан здароўя вучняў халодная прыбіральня, па яе назіраннях, не ўплывае.

 

align=”left” >– Вы ж разумееце, што такія самыя ўмовы ў большасці сельскіх школ, і амаль ва ўсіх вучняў – а большасць з іх жыве ў Грандзічах – таксама і дома, – запэўнівае дырэктарка.

 

Па яе словах, бацькі ні на што не скардзяцца і іх усё задавальняе. Аднак бабуля аднаго з навучэнцаў школы прызналася ў размове з «ТС», што пытанне прыбіральні неаднаразова абмяркоўвалася з педагогамі і дырэкцыяй школы. «Я нават ўзгадвала пра гэта ў аддзеле адукацыі», – кажа нам сталая жанчына, занепакоеная тым, што яе ўнук вымушаны наведваць марозную прыбіральню. Паводле яе слоў, у аддзеле адукацыі Ленінскага раёна Гродна ёй запрапанавалі перавесці ўнука ў іншую школу. – У нашым выпадку, а мой ўнук – хлопец з асаблівасцямі развіцця, гэта азначала б перавесці яго ў школу на вуліцы Зана, – распавядае жанчына. – Але, па першае, да школы на Зана нам дабірацца менш зручна, чым да школы ў Грандзічах, а па-другое, і гэта больш істотнае, праграма навучання ў школе на Зана разлічаная на дзяцуей, на якіх, так бы мовіць, ужо «пастаўлены крыж». Школа ў Грандзічах лічыцца інтэграцыйнай і ў ёй мой унук мае магчымасць кантактаваць са здаровымі дзеткамі. Да таго ж, мяне і яго бацькоў цалкам задавальняе праграма навучання і кваліфікацыя педагогаў менавіта ў грандзіцкай школе.

 

Пра праблему прыбіральні ўзгадвалі ў размове з «ТС» таксама бацькі іншых навучэнцаў грандзіцкай школы. Найбольш гэтая праблема хвалюе бацькоў дзяўчынак, якія, у сілу фізіялагічных асаблівасцяў арганізму, рызыкуюць здароўем больш за хлопцаў. Уролаг першай палікліннікі Ўладзімір Урбановіч у размове з «ТС» пацвярджае, што халодная прыбіральня – гэта вельмі небяспечна:

 

– Прыбіральня павінна быць цёплай! Холад можа вызваць запаленне мочапалавой сістэмы, у выніку адбываюцца рэзі, могуць развіцца хранічныя захворванні. Асабліва гэта небяспечна для дзетак малодшага школьнага ўзросту і дзяўчынак, – кажа нам эксперт.

«Дасягненні» цывілізацыі

Тым часам кіраўнік аддзелу адукацыі Ленінскага раёну Гродна Сяргей Ламека запэўнівае «ТС», што будаваць цёплую прыбіральню ў школе ў Грандзічах… немэтазгодна, бо ў мікрараёне плануецца будаўніцтва новай школы.

 

– Мы прапанавалі бацькам пераводзіць сваіх дзяцей у іншыя школы, але ніхто гэтага не зрабіў. Скаргаў на школу няма, значыць праблема не існуе, – падсумоўвае чыноўнік.

 

Атрымліваецца, што, калі бацькі па нейкіх прычынах не скардзяцца на рызыку, якой падвяргаюцца іх дзеці, то і абараніць гэтых дзяцей няма каму. Улады ды іншыя кампетэнтныя службы сыходзяць з прынцыпу: няма скаргаў – няма праблемы.

Фота аўтара