Людзі, якія не забываюцца

|

Гурген Марціросаў нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў Азербайджане ў нялёгкі час, што аднак не змагло перакрэсліць яго прагі да ведаў, як зрэшты і далейшыя выпрабаванні лёсу: вайна, концлагер, партызанка… У Гродна ён прыехаў у 1945, дзе быў вылучаны на пасаду прарэктара па навучальнай працы, у 1954-м стаў кандыдатам філасофскіх навук.

>

Разам з А.Карпюком

Ужо ў час перабудовы, калі пачалася кампанія ганьбавання Карпюка партыйнымі органамі, Марціросаў не пабаяўся выступіць у яго абарону, за што Аляксей Нічыпаравіч быў яму ўдзячны.

 

Выдатныя лектарскія здольнасці і ўвага да людзей не маглі не пакінуць цёплых успамінаў аб сабе сярод былых калегаў і студэнтаў: Кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры сацыялогіі Мікалай Беспамятных:

 

– Эрых Фром характэрызаваў мастацтва як вышэйшую здольнасць чалавека рабіць нешта. Дык я лічу, што Гурген Марціросаў у дасканаласці валодаў мастацтвам жыцця. Зноў жа, згодна Фрому, гэтае мастацтва складаецца з грунтоўных ведаў, практыкі і інтуіцыі – усяго гэтага ў Гургена Амерханавіча было ўдосталь. У некалькіх фразах ён мог выразіць сутнасць рэчы, сітуацыі, чалавека. Нават калі яму на змену на месца загадчыка кафедры філасофіі прыйшоў Чэслаў Кірвель, апошняе слова ўсё адно заставалася за Марціросавым. Яго веды наўпрост дапамагалі людзям.

Сярод вучняў

Кандыдат філасофскіх навук, былы дацэнт кафедры філасофіі ГрДУ, былы дэкан факультэта мастацтваў ЕГУ Ларыса Гусакоўская:

 

– Марціросаў быў вельмі далікатным і ўважлівым да людзей чалавекам. Заўжды паказваў сябе годна, паважаў сябе і іншых, не зважаючы на рэгаліі і пасады. Наогул ён быў заўважным у горадзе чалавекам, я заўсёды ўзгадваю яго, праходзячы каля дома, дзе ён жыў. Марціросаў належыў да катэгорыі людзей, якія не забываюцца.