Дзе знайсці найгоршую піцу?

| Без катэгорыі

На скрыжаванні Дзяржынскага і 17 верасня, у дзіўным спалучэнні псеўда-камяніцы і шклянога офіснага будынку, чакае гасцей кафэ-піца з музычна-мафіёзнай назвай “Сапрана”. Менавіта так, кафэ-піца, а не кафэ-піцэрыя. Калі трапляеш там на іншых наведнікаў і ўзіраешся ў іх твары, нават не прыходзіць у галаву, што яны маглі толькі што пакаштаваць найгоршую піцу ў горадзе. Хаця адэкватнай рэакцыяй было б крычаць “Караул!” усю дарогу дадому.

 

Пакуль нічога не падазраючы новы госць разглядае інтэр’ер, ён заўважае тыповы для еўрапейскіх піцэрый-забягалавак мінімалістычны, стэрыльны стыль, катастрафічна малы выбар піва ў меню (але ёсць цёмны Златы Бажант!), на бары – мілыя напісаныя ад рукі роўным жаночым почыркам цэннікі а-ля Скідзельскі рынак’98. Над усім гэтым узносіцца крыху сталоўкавы дух з моцным пахам кухні. Паколькі засяродзіцца ў інтэр’еры няма на чым, заняць час можна назіраннем за тым, як супрацоўніцы выносяць праз галоўны ўваход вялікія мяшкі смецця.

 

Піцу ў “Сапрана” прапануюць есці са сподачкаў, якія яўна паходзяць з кававага ці гарбатнага набора. Ну і праўда, навошта купляць розныя талеркі, калі ўсё можна падаваць на аднолькавых? Талерачкі спатрэбяцца нават калі вы звыкліся есці піцу рукамі. Мясцовым адмыслоўцам удалося стварыць унікальную піцу, якая развальваецца, хаця і зробленая на тоўстым цесце!

 

Тоўстае цеста – адзін з нешматлікіх плюсаў, бо ў Гродне фактычна няма іншай магчымасці замовіць такую піцу. Шкада, што зусім кепска рэалізаваны. Другі плюс – сыр, якога кладуць не шкадуючы. Само цеста або не для піцы, або недапечанае, або і тое і другое адначасова. Смак фактычна адсутнічае. За такую ці то смажанку, ці то хачапуры, ці можа аднак піцу просяць 44-50 тысяч рублёў. На сённяшні дзень – кошт больш чым дэмакратычны. Гэта трэці, апошні плюс.

 

Посуд са стала прыбіраюць за некалькі заходаў, бо падносаў няма. Няма таксама звычайных скураных тэчачак, у якіх прынята прыносіць рахунак. У такіх выпадках звычайна рахунак падаецца на сподачку, але да гэтага абслуга ў “Сапрана” не прывучаная, таму рахунак проста кладзецца на стол. Адчуваеш сябе крыху разгубленым, хочацца нават завярнуць грошы ў рахунак, бо зусім не ясна куды іх класці.

 

Месца ўнікальнае яшчэ тым, што музыка там грае дакладна тая, якую бачна на ЖК-скрыні на сцяне. Звычайна ў нашым горадзе прынята вешаць целікі каб папантавацца, а музыкай ўсё роўна кіруе недзе з бара абслуга. У “Сапрана” ж увесь час грае нейкі невыносны музычны канал, з безідэйнай папснёй, толькі трошку лепшай за тое, што прапануюць экраны ўсталяваныя ў гарадзенскіх аўтобусах.

 

Як падсумаваць гэты набор сумных фактаў? У апошнія гады папулярнасць піццы ў Гродне дасягае ўзроўню нейкага Неапаля, таму, каб вылучыцца сярод шматлікіх піцэрый, трэба або рабіць самую лепшую піццу, або прапанаваць пазакулінарныя перавагі. “Сапрана” на жаль, моцна прайграе па кожным з гэтых крытэрыяў.

 

Аднойчы, у прыступе вялікага голаду, мне давялося купіць у супермаркеце замарожаную піццу. Вярнуўшыся дадому, я зразумеў, што ў мяне не працуе духоўка і пачаў разаграваць пакупку на патэльні. Тая піцца была лепшай, чым мне падалі ў “Сапрана”.