ПРАЎДА АБ MEDEA

Наш горад заўсёды адрозніваўся сваімі вольнымі поглядамі на музычную культуру і на культуру наогул. Досыць успомніць марш хіпі па горадзе ў 1972 годзе, калі ў Гродна з’ехаліся хіпі са ўсяго Савецкага Саюзу. На той час гэта было сенсацыяй. У 90-я гады нефармалаў было вельмі шмат, з’явіліся розныя плыні. Былі кропкі, дзе неферы праводзілі: кацельная на Фолюшы, «сценка» каля будынку сувязі, часам іх можна было ўбачыць і каля кінатэатру «Гродна».

Прайшло шмат часу, мінулыя нефармалы выраслі, абзавяліся сем’ямі, выхоўваюць дзяцей. Але кожны з іх настальгічна ўспамінае першыя пласцінкі Nirvana і іншых груп. Ветэраны нефармальнага руху ў Гродна добра памятаюць такія перспектыўныя групы як WAKE UP, DEVIATION, Hatred, NEXT, Кальян… Потым прыйшоў час MEDEA і DEATHBRINGER. Былі і іншыя групы, нараджаюцца новыя калектывы. Магчыма гарадзенская андэграўндная сцэна некалі народзіць групу, якая будзе знакамітая ва ўсім свеце! А сёння мы размаўляем з удзельнікамі адной з самых вядомых груп Гродна – MEDEA – Дзянісам Мацясам і Дзянісам Атаманавым.

– Некалькі слоў пра гісторыю группы. Асноўныя даты, падзеі, дасягненні, перашкоды…

– Фактычна гісторыя MEDEA пачалася ў 1999 годзе, калі мы ўпершыню запісалі на студыі свае песні і адбыўся наш першы выступ у Гродна. Але назва групы была прыдумана намі задоўга да гэтых падзей. Потым – некалькі гадоў цішыні. Быццам, групы ўвогуле не існуе. І толькі ў 2002 годзе гурт «ажывае» і пачынае ператварацца ў тую самую MEDEA, якую ведае гарадзенская публіка і не толькі. Праз год – выхад дэбютнага альбому «Рэквіем», выданы беларускім лэйблам Metal Dark. 2004-2006 гг. – даволі цяжкія… Увесь час – «некамплект» складу групы. То вакаліста сталага няма, то барабаншчыка. Але не гледзячы на ўсе цяжкасці, мы давалі канцэрты, выпускалі дэмкі, складалі новыя кампазіцыі. У 2007 годзе ўсё, да чаго мы так доўга ішлі, адбылося! Альбом «Дэкаданс» – наш гонар на сённяшні дзень: поўнафарматнік, выданы гуртом у снежні 2007 году як прома (CD13) і ў 2008 году – афіцыйнае выданне на «More Hate Production» (Расія). Вось, у прынцыпе, і ўсё. Больш падрабязна з нашай біяграфіяй знаёмцеся на афсайце medea.by

– У групы два паўнавартасных альбома – «Рэквіем» і «Дэкаданс» і чатыры «дэмкі». Распавядзіце пра апошні альбом.

– «Дэкаданс» – гэтае люстэрка творчасці MEDEA за апошнія 3-4 гады. Даволі вялікі тэрмін, каб вытрымаць строгую стылістыку. Таму кампазіцыі у альбоме рознапланавыя, хоць у нашым выпадку – гэта пэўна больш плюс, чым мінус.

– Гэты альбом быў запісаны ў Польшчы. А якія ўмовы запісу ў Гродна?

– Умовы там былі проста ідэальныя. Рэкамендуемы ўсім Studio-X у Ольштыне – добрае месца для запісу любой беларускай групы. Суадносіны кошт/якасць аптымальныя! Нідзе ў РБ няма пакуль такога сэрвісу як «якасны запіс» . Нажаль! Але гэта бясспрэчны факт…

– Як прайшла нядаўняя прэзентацыя альбома «Дэкаданс» у Гродна?

– Лепш, чым лютаўская прэзентацыя ў сталічным «Рэактары». Былі сякія-такія мінусы, але гэта нармалёва. Мы радыя, што прыйшло больш за 200 чалавек. Наша самалюбства было задаволенае. Зараз рыхтуем відэа з гэтага канцэрту.

– Я ведаю, што вы ўсе працуеце, а MEDEA – хутчэй для душы. Як атрымоўваецца сумяшчаць працу з творчай дзейнасцю?

– Натуральна мы ўсе працуем. MEDEA не камерцыйная музыка і ілюзій на гэты конт нават не можа ўзнікаць.

– Ці проста ў горадзе з арганізацый канцэртаў, выступаў? Я, напрыклад, акрамя «Бумеранга», нічога не ведаю.

– А што ты чакаў убачыць у Гродна? «Бумеранг», «Тры шрубы» – нармалёвыя для нашага гораду фэсты. Падчас сумныя і нецікавыя, але гэтыя мерапрыемствы, на жаль, цалкам адпавядаюць патрабаванням той публікі, якая на іх ходзіць. І самае галоўнае патрабаванне – кошт уваходнага квітка. А гэты фактар прапарцыянальны якасці і прэстыжнасці мерапрыемства. Квіток на «правільны» канцэрт з даволі вядомымі і цікавымі камандамі, якасным гукам, добрай арганізацыяй, рэкламай і т.п. пачынаецца ад 30 000 рублёў, пры сярэдняй наведвальнасці канцэрту ў 300-400 чалавек. Летась, лічыце, быў такі канцэрт «GO-FEST» з вядомымі расійскімі групамі. Але, як высвятлілася, гэты канцэрт прайшоў арганізатарам у мінус. Рабі высновы…

– У адным з інтэрв’ю Мітрый (вакал) гаварыў аб прасоўванні групы ў Расіі, як з гэтым справы ідуць?

– Прасоўванне насамрэч складалася ў нашай прома-дзейнасці. Кантакты з лэйбламі, арганізатарамі канцэртаў, зносіны з расійскай інтэрнэт-прэсай. Асноўнай жа мэтай быў ўдзел у некалькіх штогадовых расійскіх фестывалях. І адкрыта скажам – пакуль безвынікова. Але, як у народзе гавораць, «нясмелым не дастанецца». Бітва «за Расію» яшчэ не скончаная…

– Як вы лічыце, што ў бліжэйшы час будзе змяняцца ў музычных накірунках? Апошнія змены, наколькі я ведаю, прыхільнасць да гатычнага сімфа-блэку. Што зараз будзе?

– Скажам адно – гэта не будзе «Дэкаданс-2». А значыць, магчыма, і не гатычны сімфа-блэк. Час пакажа…

– Ну і пэўна апошняе і галоўнае для прыхільнікаў групы пытанне – якія планы на будучыню, калі можна чакаць новага альбому?

– Ёсць планы на бягучы год. І планы даволі сур’ёзныя. Суцэльны альбом наўрад ці будзе, але нешта будзе сапраўды… Шкада, што ўсё адбываецца не так хутка, як хацелася б, але як ты правільна сказаў, MEDEA – гэта для душы, а ёй не загадаеш… – Поспехаў Вам, радуйце часцей нас сваімі выступамі і песнямі. Дзякуй за інтэрв’ю. А чытачам нагадаю:

«Мессир ждет», – молвит свита.

В небе ночном – Маргарита.

Полночь длится вечно… Р

оман о бесконечном романе Ночи и Дня.

Аляксандр Гарэеў aka XAOS

Фота з сайту medea.by