Рыцарскі турнір юніораў над Нёманам

Турнір пачаўся ў суботу 18 лютага, акурат у той дзень, калі 630 год таму ў Крэўскім замку быў забіты вялікі князь Кейстут, вынікам чаго стала 10-гадовая вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам. Аб гістарычнасці даты паведаміў Зміцер Думчаў, па-клубнаму «Дорыян», кіраўнік клубу «Гарадзенскі Двузуб», падчас цэрэмоніі адкрыцця турніру.

 

– Гэта першае мерапрыемства такога маштабу ў горадзе, – распавядае Дорыян. – У Гродна прыехала каля 80 рэканструктараў з розных гарадоў Беларусі: з Барысава, Мінску, Баранавічаў, Навагрудку, Ліды. Лічу, што мерапрыемства адбылося на досыць добрым узроўні: у нас прайшлі і адзіночныя паядынкі, і камандныя «5 на 5», калектывам «Гальярда» быў праведзены майстар-клас па сярэднявечных танцах. Канешне, недзе штосці не супала з праграмай, недзе нешта не атрымалася, але так бывае заўжды, тым больш, што першы раз арганізоўваць цяжкавата.

 

– Якія клубы сёлета прымалі ўдзел у мерапрыемстве?

– Сёлета мы прымалі клубы «Вольны Птах» з Барысава, «Ордэн Храму», «Белы Тур», «Алтын Тумен», «Снежны Барс», «Вялікае Княства», «Historia Viva» з Мінску, «Галахард» (хлопцы дапамаглі нам зрабіць галоўны прыз), «Шляхецкая застава», асноўнае аддзяленне «Вольнага Птаху» з Баранавічаў, «Ордэн Паўночнага Храму» наваградскай камандорыі, «Dies Magna» з Ліды. Безумоўна, прынялі ўдзел і нашы гродзенскія калегі – «Кром» і «Арыдан».

– Хто перамог на турніры?

– Першае месца заняў Юрась з «Historia Viva», другое месца Валянцін з «Вялікага Княства» і трэцяе месца – Эбенхард з Наваградскай камандорыі ОСХ. Гродзенцы ніякіх месцаў гэтым разам не атрымалі, але на агульным фоне глядзеліся добра.

– Траўмы нехта атрымаў?

– Хлопцу з «Белага Туру» выбілі калена ў часе падчас «пяцёрак»: пералому няма, але ці гэта расцяжэнне, ці яшчэ нешта, пакуль невядома. Калі пухліна сойдзе будзе бачна. Менавіта крытычных траўмаў не было.

 

– Вы самастойна ўсё арганізоўвалі альбо нехта дапамагаў?

– Асноўная нагрузка лягла, безумоўна, на клуб. З ліку спонсараў дапамагла фірма «Гемма», «Одео-авторитет» з матэрыяламі для рысталішча, фірма «Беган» з бэйджыкамі, лічбавы фотацэнтар «Мега” з раздрукоўкай дыпломаў. Дзякуючы ім, мы і змаглі арганізаваць мерапрыемства.

– Ці збіраецеся вы ладзіць падобныя турніры рэгулярна?

– Будзем спадзявацца.

 

Сваім поглядам на турнір падзяліліся госці: як з ліку рэканструктараў, так і з цікаўных да гісторыі гродзенцаў. Аляксандр, камандор «Ордэну Паўночнага Храму», г. Навагрудак, кіраўнік народнага калектыву «Мэта»:

 

– Мы пастаянна прымаем удзел у такіх фестывалях, удзельнічаем у поўнакантактных гістарычных сярэднявечных баях, нашым хлопцам гэта вельмі падабаецца. Я рады, што на фестывалі прысутнічала беларуская зборная па гістарычным баі – «Ордэн Храма» і «Белы Тур»; было вельмі весела з імі пабіцца, атрымаць вопыт, бо для нас гэта вялікі крок наперад. Наступным разам на фестываль канешне хацелася б завітаць улетку, каб было намётавае мястэчка, каб кожны лагер мог прыгатаваць свае стравы, зладзіць рэканструкцыю быта, каб звыклыя людзі, «міране», як мы іх называем, маглі зайсці ды паназіраць трошку за нашым жыццём, апынуцца ў Сярэднявеччы. Менавіта на такіх фестывалях мы кантактуем паміж сабой, дзелімся вопытам, змагаемся, атрымліваем вострыя адчуванні, часам траўмы, як і ў любым добрым экстрэмальным відзе спорту.

 

Юля, госць фестывалю:

 

– Мне вельмі спадабалася, бо я ўпершыню на такім фестывалі, нават пашкадавала, што спазнілася на паўгадзіны. Асабліва запомніліся бойкі «пяцёрак» – гэта сапраўды пакідае моцнае ўражанне. Нажаль, арганізатары вельмі рана далі абвестку: напрыклад, мае знаёмыя і ўсе, каму я тэлефанавала, былі ўпэўненыя, што турнір меўся быць яшчэ на папярэдніх выходных… Шкада таксама, што гасцям нельга было набыць нават кавы – прыйшлося ісці ў краму, а вытрымаць такое мерапрыемства ад пачатку да канца без ежы і пітва даволі складана.

 

 

>

Фота Надзеі Крапівінай