Квас, пітная вада і воцат замест таннага віна
Асноўнымі вытворцамі пладова-ягадных він на Гарадзеншчыне, піша БелТА, застаюцца Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод “Неманофф”, Лідахарчканцэнтраты, Наваградскі вінзавод, Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод і Слонімскі вінаробчы завод.
Усе яны паступова пераходзяць на выпуск іншых напояў.
Навагарадскі вінзавод пачынае вытворчасць квасу на аснове рысавага грыба, павялічыць вытворчасць хлебнага квасу. У Слоніме пачнуць разліваць каньяк і іншыя элітныя напоі, а таксама вырабляцы воцат. На Дзятлаўскім заводзе будуць разліваць пітную ваду, вырабляць квас і лікёра-гарэлачныя вырабы. У хуткім часе тут адкрыецца адзіны ў вобласці цэх па вытворчасці алкагольнай прадукцыі ў сувенірнай упакоўцы.
Сёлета Беларусь спыняе вытворчасць пладовых він: пасля павелічэння стаўкі акцызу на гэты від прадукцыі, вырабляць іх стала проста невыгодна.
Да таго ж медыкі лічаць, што спажыванне пладовых він значна павялічвае алкагалізацыю насельніцтва Беларусі, развіццё хранічнага алкагалізму і, адпаведна, смяротнасць ад злоўжывання алкагольнымі напоямі.
Навукоўцы лабараторыі маніторынгу алкагольных праблем Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту выявілі наўпроставую залежнасць паміж ужываннем алкагольных напояў і смяротнасцю: павелічэнне на 1 л спажывання алкаголю насельніцтвам павялічвае паказчык агульнай смяротнасці на 1%. Калі прыбраць з продажу танныя віны, сітуацыя, на думку, дактароў, павінна стабілізавацца.
Дзеля змяншэння спажывання пладовых він летась у некаторых раёнах былі ўведзены забароны на продаж гэтых танных алкагольных напояў.
Здымак з сайта http://www.svaboda.org