Футбалісты “Нёмана” рыхтуюцца да сезону ў Турцыі

| Без катэгорыі

Перад ад’ездам у Турцыю кантракт з клубам да канца 2012 г. падпісаў расійскі паўабаронца Аляксандр Сямёнаў, які раней ужо гуляў за гарадзенскі клуб (48 гульняў, 5 галоў). Яшчэ адным легіянерам у складзе каманды сёлета стане серб Уладзімір Весялінаў, які далучыцца да свайго земляка Мілана Яблана.

 

А вось вядомы беларускі паўабаронца Алег Страхановіч, які летась гуляў у Гродне, падпісаў днямі кантракт з мазырскай “Славіяй”. Менавіта гульнёй з гэтым клубам “Нёман” і распачне 24 ці 25-га сакавіка сёлетні чэмпіянат краіны.

 

На чатыры гады працягнуў кантракт з клубам малады паўабаронца Аляксандр Едэшка, за якім яшчэ ў мінулым годзе “палявалі” украінскія і расійскія клубы. Яшчэ раней удалося працягнуць кантракт з такім жа юным і таленавітым Паўлам Савіцкім. Разам з нападнікам Артурам Бомбелем, які днямі атрымаў запрашэнне ў маладзёжную зборную Беларусі, гэтае трыё ўжо ў бліжэйшыя сезон-два могуць стаць лідэрамі клуба.

 

Сёлета гэта ўжо трэці замежны трэніровачны збор “Нёмана”.

 

У студзені каманда трэніравалася ў марознай і заснежанай Саколцы.

 

Затым на два тыдні наведалася ў Турцыю, дзе ў таварыскіх гульнях перамаглі сербскую “Ягадзіну” (4-2), і прайгралі румынскай “Астры” (0-4), расійскаму “Газавіку” (0-2) і македонскаму “Рабатнічкі” (0-1).