Футбалісты “Нёмана” рыхтуюцца да новага сезона ў Турцыі
Каманду папоўнілі паўабаронцы Аляксандр Сямёнаў (Расія, згуляў раней у складзе “Нёмана” 48 гульняў) і серб Уладзімір Весялінаў, які далучыўся да свайго земляка Мілана Яблана.
У гульні брамнік “Нёмана” Сяргей Чэрнік.
Кіраўніцтва каманды змагло дамовіцца наконт падпісання чатырохгадовага кантракту з маладым талентам Аляксандрам Ядэшкам, за якім яшчэ ў мінулым годзе “палявалі” украінскія і расійскія клубы. Яшчэ раней быў працягнуты кантракт з іншай маладой зоркай Паўлам Савіцкім. Разам з нападнікам Артурам Бомбелем і іншым паўабаронцам Сяргеям Лявіцкім, якія днямі былі выкліканы ў маладзёжную зборную краіны, гэтыя гульцы на працягу аднаго-двух сезонаў здольныя стаць лідэрамі клуба.
Каманду могуць папоўніць таксама гульцы мінскага “Дынама” Эдуард Жэўнераў і Ігар Ясінскі. А вось Алег Страхановіч з Гродна перабраўся ў мазырскую “Славію”. Менавіта з гэтай камандай “Нёман” і згуляе 24 ці 25-га сакавіка першы матч сёлетняга чэмпіянату краіны.
Збор у Турцыі будзе для гарадзенцаў ужо трэцім замежным трэніровачным выездам у гэтым годзе.
>
Першым супернікам “Нёмана” на папярэднім зборы ў Турцыі была сербская “Ягадзіна”.
У студзені каманда трэніравалася ў марознай і заснежанай Саколцы.
Затым два тыдні ў пачатку лютага правяла ў Турцыі, дзе ў таварысцкіх сустрэчах перамагла сербскую “Ягадзіну” (4-2 – глядзі відэа), а затым прайграла румынскай “Астры” (0-4), расійскаму “Газавіку” (0-2) і македонскаму “Рабатнічкі” (0-1).
Фота і відэа з афіцыйнага сайта “Нёмана”