Чарговае папярэджанне сябру БАЖ

|

– 18 лютага вы атрымалі позву з’явіцца ў абласную пракуратуру ў рукі ад паштара пад роспіс. Што адбылося далей?

– Я прыйшоў па позве. Са мной размаўляў Валер Павядайка – намеснік кіраўніка аддзелу кантролю за выкананнем законнасці і прававых актаў. Ён паведаміў мне аб тым, што праводзілася праверка з якой вынікае, што я з’яўляюся карэспандэнтам радыё «Рацыя» і працую без акрэдэтацыі. Падставай для выдачы мне афіцыйнага папярэджання з’явілася адна з маіх публікацыяў за 8-е снежня мінулага году «Святло максімавай зоркі», прысвечаная Максіму Багдановічу. Паколькі «Рацыя» – гэта замежны СМІ, на падставе закону аб СМІ я меўся акрэдытавацца. На гэта я зрабіў свайго роду «наш адказ Чэмберлену»: сказаў, што мяне бароняць міжнародныя дакуманты, 19 артыкул Дэкларацыі Правоў Чалавека, 8, 33 і 34 артыкулы Канстытуцыі Беларусі, дзе сказана, што як грамадзянін я маю права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю не пытаючыся ні ў кога. Атрымліваецца, што сённешняе заканадаўства гэтаму супярэчыць.

 

– А вы калі-небудзь падавалі заяўкі на акрэдытацыю?

– Цягам трох гадоў я падавў заяўкі ў МЗС і атрымліваў адмовы без аніякіх тлумачэнняў, таму я палічыў для сябе маральным не пытацца больш у МЗС і дзейнічаць згодна міжнародным дакумантам, якія і МЗС таксама абавязана выконваць.

 

– Журналісцкую дзейнасць, як я зразумеў, вы спыняць не збіраецеся?

– Зразумела, не збіраюся. Адзінае, што збіраюся мець у запасе ад 20 да 50 базавых велічыняў на выпадак штрафу, каб не быць невыязным.

 

– Ці вяжуцца ў вас у адзін ланцужок тры выклікі гродзенскіх журналістаў у пракуратуру апошнім часам?

– Я звярнуў акурат увагу пракурора на тое, што я ўвязваю выклікі трох журналістаў – сяброў БАЖ разам з пасквілем на асацыяцыю, які выйшаў на БТ. Таму і нагадаў Валеру Павядайку, што справа гэта палітычная, як бы ён асабіста сябе не пазіцыянаваў. Ён – частка рэпрэсіўнага механізму, які дзейнічае зараз у Беларусі.

 

– Чаму менавіта ў Гродна пачаўся ціск на сяброў БАЖ?

– Бо тут найбольш кантактная зона з Захадам, з вольным светам. Беларусы бедныя і ім даволі цяжка мець свой незалежны СМІ… Праблема не толькі ў сродках, але і ў палітычнай ды духоўнай волі. Таму мажлівасць распаўсюду незалежнага слова, якую прадстаўляюць нам замежныя дзяржавы, з’яўляецца зараз прадметам ціску з боку спецслужбаў і праваахоўчых органаў, якія імкнуцца гэта нівеліраваць.

 

Нагадаем, што напярэдадні аналагічныя папярэджанні ад гродзенскай абласной пракуратуры атрымалі Мікола Дзятчэня і Алесь Дзянісаў, якім інкрымінуецца супраца з тэлеканалам «Белсат».

Фота Надзеі Крапівінай