Мінсельгасхарч: Свіней у Навагрудскім раёне знішчылі ў рамках вучэнняў

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчу ў аўторак размясціла на сваім сайце афіцыйную інфармацыю пра дзеянні санітарных службаў у Навагрудскім раёне.

Раней з’явілася інфармацыя, што ў вёсцы Нязнанава Навагрудскага раёна санітарныя службы знішчылі свіней з прыватных падворкаў. Нібыта, у вёсцы была выяўленая афрыканская чума свіней.

Вяскоўцы паведамілі журналістам, што ім пачалі выплочваць кампенсацыю з разліку 15 тысяч рублёў за кілаграм. Свіней спалілі — акурат так змагаюцца з чумой.

З паведамлення міністэрства вынікае, што «на тэрыторыі Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Гродзенскай вобласці 16—18 лютага 2012 года былі праведзены рэгіянальныя вучэнні ў рэжыме максімальна набліжанай да рэальных умоў абстаноўкі, з прымяненнем эфекту нечаканасці і адпрацоўкай ўсіх канкрэтных дзеянняў і прафілактычных мерапрыемстваў».

Падкрэсліваецца таксама, што ў сувязі з пагаршэннем эпізаатычнай сітуацыі па афрыканскай чуме свіней (АЧС) і іншым вострым інфекцыйным хваробам жывёл у краінах Мытнага саюза, Мінсельгасхарчу настойліва рэкамендавала аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму прыняць дадатковыя меры па недапушчэнні заносу на тэрыторыю краіны узбуджальнікаў заразных захворванняў.

 

Адным з асноўных патрабаванняў міністэрства і Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду да кіраўнікоў мясцовых органаў улады з’яўляецца арганізацыя і правядзенне абласных і рэгіянальных вучэнняў па адпрацоўцы дзеянняў тэрміновага рэагавання на выпадак узнікнення захворванняў.

«Практыка правядзення такога роду вучэнняў рэкамендавана Міжнародным эпізаатычным бюро», — гаворыцца ў паведамленні міністэрства.

Варта адзначыць, штоафіцыйныя тлумачэнні міністэрства з’явіліся праз пяць дзён пасля вучэнняў на Навагрудчыне. Да гэтага часу ні прадстаўнікі мясцовых уладаў, ні супрацоўнікі ветэрынарных установаў, ні чыноўнікі міністэрства не каментавалі сітуацыю.

Так, карэспандэнту «НН» у Навагрудскім райвыканкаме заявілі, што нічога не ведаюць пра сітуацыю ў Нязнанаве, а ў раённай ветэрынарнай станцыі сказалі, што ў «раёне ўсё добра».

 

Маўчанне ўладаў прывяло да панічных настояў сярод вяскоўцаў.

Як паведамілі «НН» жыхары Карэліцкага раёна, у некаторых вёсках мясцовыя пачалі рэзаць свіней, не чакаючы гасцей з ветслужбы.

Па неафіцыйнай інфармацыі, супрацоўнікам аднаго са свінакомплексаў у Карэліцкім раёне пад пагрозай звальнення загадалі звесці з прыватных падворкаў свіней.

 

Загадкавасці гісторыі дадае і той факт, што ў аўторак з Нязнанава супрацоўнікі міліцыі выдалілі журналістаў, якія прыехалі рабіць туды рэпартаж. Як паведамляе «Салідарнасць», пад раздачу трапіў і іх фотакарэспандэнт Сяргей Балай. Ён расказаў, што ў вёсцы адбываюцца дзіўныя рэчы. Мясцовыя жыхары пазбягалі журналістаў. У вёсцы на той момант адбывалася дэзінфекцыя падворкаў.

Неўзабаве пад’ехалі некалькі міліцэйскіх аўто з Навагрудка. Двое падпалкоўнікаў заявілі, што на тэрыторыі, дзе праводзяцца вучэнні, журналістам знаходзіцца нельга.

Фотаздымкі прымусілі выдаліць. На пытанне, што за вучэнні і на якой тэрыторыі яны праходзяць, прагучаў адказ, што гэта засакрэчаная інфармацыя.

З размоў з некаторымі вяскоўцамі рэпарцёрам ўсё ж такі ўдалося высветліць, што ў мінулую пятніцу на падворкі прыязджалі супрацоўнікі ветстанцыі і міліцыі, збівалі замкі, забівалі свіней і вывозілі. Гэта адбывалася, у тым ліку, і ў адсутнасць гаспадароў, адзначае карэспандэнт “Салідарнасці”.