Творчасць – абарона ад дэградацыі

«Твой стыль» паразмаўляў пра мужнасць з прадстаўнікамі творчых прафесій з розных гарадоў i краін, а таксама спытаўся ў некаторых гродзенцаў, што азначае для іх дзень 23 лютага?

Максім Шыркоў, фатограф, г. Гродна

 

Якія якасці фарміруюць у чалавека творчыя прафесіі?

– У першую чаргу – дабрыню.Творчасць дазваляе сфарміравацца асабліваму падыходу да чалавека, лепш яго разумець і бачыць у якой дапамозе ён мае патрэбу.

 

Сапраўдны мужчына – гэта?..

– …той, які адказвае за сваі словы і ўчынкі. Той, хто прасякнуты любоўю да сваёй сям’і і жыве яе інтарэсамі.

 

Калі б прыйшлося абараняць Радзіму, у якасці каго сябе бачыце на полі бою?

– Мабыць, у сферы медыцыны!

 

Якую «абарончую» ролю ў грамадстве выконвае творчасць?

– Творчасць абараняе чалавека ад дэградацыі, яна з’яўляецца рухаючай сілай для развіцця ды прытулкам у часе жыццёвых завей.

 

Сяргей Марсаў, музыка, гітарыст гурта Vy Pole, г. Санкт-Пецярбугр, Расія 

 

Як творчы чалавек, у якім свеце бачыце сваю місію абароны сваёй Айчыны?

– Айчынай я лічу ўсю нашую планету і не падтрымліваю раздзяленне на краіны. Народы Зямлі трэба абараняць перадусім ад палітыкаў. А самім людзям трэба быць больш аб’яднанымі і дапамагаць адзін аднаму.

 

Якія якасці характарызуюць сапраўднага мужчыну і ці мае значэнне яго прафесія, захапленні?

– Сапраўдны мужчына, як і жанчына, павінен, у першую чаргу, мець розум, а ўсё астатняе – другасна.

 

Ці здольна творчасць сфарміраваць мужнасць і бясстрашнасць у чалавеку?

– Творчасць бывае рознай. Сучасная поп-музыка, акрамя спрыяння дэградацыі асобы, увогуле ніякую функцыю не выконвае. Што тычыцца больш адэкватнай музыкі, то яе ўплыў на чалавечыя якасці залежыць ад канкрэтнага чалавека.

 

Антон Рудак, паэт, г. Мінск

 

Чаму вы вырашылі займацца літаратурай?

– Я ёй проста займаюся. Ад пэўнага моманту зразумеў, што кінуць ужо не атрымаецца. Такім чына можна сказаць, што гэта ўлюбёная кепская звычка.

 

Творчая праца такая ж цяжкая, як і фізічная?

– Наўрад ці. Прынамсі, што тычыцца вершаў. Калі яны з’яўляюцца – для мяне гэта лепшы адпачынак.

 

Ёсць адрозненні ў мужчыны-паэта ад іншых мужчын?

– Няма. Прынамсі, не павінна быць.

 

Якім павінен быць сапраўдны сучасны мужчына? І ці падобны вы да вашага ўяўлення гэтага вобразу?

– Мяркую, ён не мусіць надта адрознівацца ад несучаснага. Набор пажаданых станоўчых якасцяў і мінімум дапушчальных хібаў за апошнія некалькі стагоддзяў асабліва не змяніўся. Я раўнаюся і шукаю пэўныя паралелі з мужчынамі, якія жылі перада мною – з маімі дзядамі і прадзедамі.

 

Алесь Таболіч, музыка, саліст гурта Znich, г. Мінск

 

Як так атрымалася, што Вы пачалі займацца творчасцю?

– Я не толькі музыкант, займаюся таксама тату, дызайнам, фота, жывапісам, графікай і г д. А сталася так таму, што выхоўвауся ў творчым асяроддзі: у сям’і мастакоў.

 

Якія якасці, патрэбныя сапраўднаму мужчыне, выпрацоўвае сцэна?

– Унутрунную моц і харызму, а таксама – аратарства!

 

У чым асноўныя адрозненні творчай працы ад фізічнай?

– Творчая – больш эмацыйная, чым фізічная, у ёй больш месца для разваг. А таксама напруга ў ёй больш псіхалагічная, чым фізічная.

 

Ці ўплывае прафесія на самога чалавека? Ці важна для мужчыны, кім ён працуе?

– Уплывае перш найперш асяроддзе, у якім працуе ці жыве чалавек. А мужчына павінен быць абаронцам сваёй Бацькаўшчыны, мовы, культуры, родных і г д., а пасля ўжо можна казаць пра прафесійную дзейнасць. Бо мужык без жыццёвай пазыцыі – не мужык!

 

Атрымліваецца, што мужчына павінен быць не толькі мэтанакіраваным, клапатлівым і мужным, але і крэатыўным. І не толькі з вінтоўкай у руках можна абараняць Радзіму, але і з дапамогай творчасці!

 

Вольга Юрэвіч, Юлія Яшэўская. Фотаздымкі з архіваў удзельнікаў апытання і “Радыё Рок@Плюс”

 

З пытаннем  – што адзначаюць у вашай сям’і 23 лютага? – «Твой Стыль» звярнуўся да некаторых гродзенцаў.


Уладзімір Хільмановіч, праваабаронца: У маёй ў сям’і 23 лютага нічога не адзначаюць. Я ў войску служыў, але, канешне, не прызнаю ніякага 23-га. У беларусаў ёсць свой Дзень вайсковай славы  – 8 верасня.

 

 

 

 

Зміцер Кіенка, аспірант ГрДзУ імя Янкі Купалы: У маёй сям’і нічога не адзначаюць. Але я асабіста адзначаю Дзень БКА.

 

 

 

 

 

Віктар Сазонаў, пісьменнік: Практычна нічога, але па старой памяці вельмі сціпла жанчыны віншуюць з днём мужчыну, які па сумяшчальніцтву – абаронца айчыны.

 

 

 

 

Эдвард Дзьмухоўскі, прадстаўнік выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка»: У нашай сям’і нічога не адзначаюць. Бацька мой служыў у Савецкім войску, але прасіў, каб з гэтым святам не віншавалі.

 

 

 

Алена Склюева, адна з гродзенскіх посткросераў: Мы ў сваёй сям’і  нічога не адзначаем, толькі дорым сваім мужчынам сімвалічныя падарункі, менавіта як мужчынам, а не як абаронцам. Гэта такая «раўнавага» з 8 сакавіка.

 

 

 

 

Аляксандрa Васілевіч, кіраўнік гродзенскай гарадской арганізацыі АГП: У маёй сям’і нічога на адзначаюць, але я лічу, што ў гэты дзень трэба віншаваць апазіцыянераў – бо яны ў некаторай ступені з’яўляюцца абаронцамі  айчыны. А калі рэальна – то лічу, што трэба ў гэты дзень віншаваць ветэранаў, а не школьнікаў і дзяцей.

 

Алена, каардынатар ООО «Цібетрэй»: «Для нашай сям’і  – гэта свята мужных і стойкіх мужчын».

 

А жыхары Беларусі акрамя таго, што адзначаюць (ці не)  23 лютага як Дзень абаронца айчыны, могуць адзначаць Дзень стварэння БКА. 23 лютага 1944 г. была заснаваная Беларуская Краёвая Абарона – вайсковае фармаванне, аснову якога складала мабілізаванае мужчынскае насельніцтва 1908-24 г.н.

 

БКА была ўтворана ў лютым-сакавіку 1944. Узначальвала БКА Галоўнае камандаванне на чале з маёрам Ф. Кушалем. Усяго было мабілізавана каля 25 тыс. чалавек, з якіх планавалася стварыць 48 батальёнаў. Да сярэдзіны красавіка 1944 было створана 38 пяхотных і 6 сапёрных батальёнаў. Афіцэры і падафіцэры БКА праходзілі падрыхтоўку на 3-тыднёвых курсах у Мінску, радавыя — на месцах службы.

Андрэй Мялешка