«Аптымізм – апошняе, што варта страціць»
– Шпацыр незалежных гісторыкаў разам са старшынёй аблвыканкама па Новым Свеце некаторыя ўжо лічаць гістарычнай падзеяй. Вас туды запрасілі?
– Аб гістарычнай падзеі пакуль казаць рана. Усё адбылося надзвычай нечакана і адначасова штодзённа. Я падзяліўся з рэдактарам «Вячэрняга Гродна» Інай Максімчык ідэяй правесці першую асобу горада па тых кропках, якія ўжо даўно выклікаюць дыскусію і менавіта пазнаёміць з іх гісторыяй, мяркуючы, што чалавек, які прыехаў з іншага горада, можа некаторых нюансаў не ведаць. У выніку на прэс-канферэнцыі рэдактар запрапанавала наўпрост, а старшыня аблвыканкама падтрымаў гэтую прапанову.
– Як прайшла сама экскурсія?
– Уласна кажучы экскурсіяй гэта цяжка назваць, бо ў часе экскурсіі чалавек, які вядзе, нешта распавядае, паказвае, тут жа быў дыялог, які часам пераходзіў у маналог, потым зноўку ў размову… Значная частка людзей, якія там прысутнічалі, гісторыю Гародня, роўна як і яго праблемы, ведалі не горш за мяне.
– А хто прысутнічаў?
– Сямён Шапіра, ягоныя намеснікі Ігар Жук і Уладзімір Дзяжко, старшыня гарвыканкаму Барыс Казялкоў, загадчык аддзелу ідэалогіі Павал Скрабко, рэдактары «Вячэрнега Гродна», «Гродзенскай Праўды», сп. Ласмінскі, мае сябры: Віктар Саяпін і Ігар Лапеха.
– Ці атрымалася падчас шпацыру зрабіць акцэнт на некаторых канкрэтных помніках?
– Мне хацелася б так зрабіць, але ўсё пачалося і скончылася літаральна адной вуліцай – вуліцай Міцкевіча. Але ў другой частцы нашага завочнага шпацыру, у сценах Грамадзянпраекту ўсе гэтыя пытанні падымаліся. Гаворка акурат ішла аб захаванні дамінантаў раёнаў (не толькі Новага Свету), якія ўтвараюць аблічча Гародні.
– Як паставіўся Сямён Шапіра да вашых прапановаў і расповедаў?
– Я магу апісаць толькі ўласныя ўражанні: з большага яны пазітыўныя. Я не магу сказаць, што ўсё так добра, як хацелася б, але на самым прыканцы размовы гаворка ішла вельмі канкрэтна і дакладна.
– Калі параўноўваць сітуацыю з часамі Саўчанкі, ці дасягнуў дыялог нейкай больш высокай планкі?
– Я супраць таго, каб параўноўваць жывых людзей. У мяне была вельмі цікавая гісторыя на гэты конт: калі адбываліся тыя знакавыя падзеі на Савецкай плошчы, звязаныя з Новым Светам і г.д., я, ідучы на працу, убачыў Саўчанку, які разглядаў будынак былога акруговага суду. Гэта быў ранак, ён быў адзін і я таксама – адзін. Я меў магутнае імкненне падыйсці да яго і пачаць размову, але гэтага не зрабіў. Не таму, што спалохаўся, а таму, што не ведаў якімі аргументамі можна гэтага чалавека пераканаць… І вось перада мной ужо новая першая асоба, дыялог, і мне ўжо самому цікава – чым гэта ўсё скончыцца. Як гісторыку вельмі хацелася б паглядзець ці нават паўдзельнічаць, бо аптымізм – гэта апошняе, што варта страціць.
– Якія пагрозы вам зараз бачацца для таго ж Новага Свету?
– Гаворка ідзе не толькі пра Новы Свет – гэта нагода, вельмі актуальная, але нават яе нельга разглядаць асобна ад праблемаў людзей, якія жывуць у тым жытле – у некаторых дамах жыць немагчыма. У гэтай часткі Гродна ёсць свой твар, і справа зараз стаіць у рэгенерацыі, стварэнні нечага новага з выкарыстаннем гэтай часткі.
>
– Як вы ставіцеся да пачатку зноса дамоў па вуліцы Валковіча?
– Дом, які быў знесены на Валковіча – гэта старая халупіна і нейкім чынам яе аднавіць я не бачу магчымасці. На мой погляд, яго было захоўваць не варта. Праблема насамрэч у тым, што будзе ўзамен і як гэта паўплывае агулам на раён. Больш за тое, побач ёсць будынак (Валковіча, 23 – А.К.), мы аб ім пісалі у «Вячэрнім Гродна», які насамрэч мае каштоўнасць. Кожнае такое пытанне патрабуе індывідуальнага падыходу – аб гэтым ішла гаворка на сустрэчы.
– То бок, на ваш погляд, варта падзяляць дамы на вартыя і нявартыя?
– На мой погляд, варта сфармаваць канцэпцыю агульнага бачання гэтага раёну. Без хмарачосаў і велізарных пабудоваў, якія разбураюць стратыфікацыю старых будынкаў, не ўпісваюцца туды ані стылістычна, ані функцыянальна. І паралельна з гэтым вырашаць пытанні сацыяльныя, грамадскія: я ўжо казаў, што там вельмі цяжкія умовы жыцця. Ну і адносна кожнага будынку, у першую чаргу драўлянага, прымаць рашэнне. Калі мы пачынаем гэта ўсё агулам залічваць у помнікі, мы робім памылку. Толькі ў адным выпадку яе мажліва выправіць, але вось калі будынку ўжо няма…
Фота аўтара