Асуджаны былы супрацоўнік міліцыі Дзінас Лінкас збіраецца абскардзіць прысуд
Гродзенскі раённы суд прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкула 426 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі). Былы супрацоўнік міліцыі абвінавачваўся ў збіцці свайго падначаленага — начальніка Шчучынскага раённага Дэпартамента аховы Аляксея Сяргея.
«НН»: Дзінас, будзеце абскарджваць прысуд?
Дзінас Лінкус: Так. Гэтая сітуацыя цягнецца амаль восем месяцаў. А ў мяне сям’я, двое дзяцей…
«НН»: Вінаватым Вы сябе не прызналі. Што, па-Вашаму, адбылося тады з падначаленым?
ДЛ: Доўга расказваць. У абскарджванні буду даваць ацэнку доказам, прадстаўленым на судзе.
Цялесныя пашкоджанні былі нанесены ў той вечар не мной, а іншым чалавекам. Я ведаю, хто гэта,
але не буду называць, каб не палічылі за паклёп. А праз два дні, калі я з’ехаў у адпачынак, усю віну ў маю адсутнасць вырашылі перакласці на мяне.
Мы разбіраліся з падначаленым. Ён быў п’яны. Гэта бачылі іншыя… Але абвінавачванне на судзе будавалася толькі на паказаннях пацярпелага і заключэнні экспертызы.
«НН»: Журналістка Вольга Карач напісала, што падчас леташняга затрымання ў Мінску Вы яе ўдарылі, пагражалі гвалтам. Гэта праўда?
ДЛ: Да гэтага выпадку Карач раз толькі недзе выступіла з чымсьці падобным. Цяпер, калі ўзнікла такая сітуацыя са мной, яна зноў пачала… Называю яе словы паклёпніцкімі. Але пакуль я ў суд не падаю.
Адукаванаму чалавеку зразумела, што чалавек пакрыўджаны з задавальненнем прайшоў бы экспертызу.
Магчыма, гэтая яе незадаволенасць была выклікана разбіральніцтвам падчас затрымання. Можа, ёй нешта не спадабалася? У такім выпадку яна магла прыйсці да мяне на наступным дзень. Мой кабінет быў для ўсіх адчынены. Але яна не прыйшла. Такіх людзей, як Карач і Шчукін — я іх добра запомніў — не разумею. Я лічу сябе абражаным, але пакуль мне не да суда. Калі разбяруся з цяперашняй сітуацыяй, прыму для сябе рашэнне па гэтым пытанні. Гэта непрыгожа, якую б чалавек ні займаў палітычную пазіцыю.
У сваю чаргу, Вольга Карач так апісала сваю «сустрэчу» з Лінкусам падчас таго затрымання: «Мяне адцягнулі ад мужа ды пацягнулі проста па падлозе калідора ў іншы кабінет. У кабінет, куды мяне ўцягнулі,
як віхура ўварваўся цёмнавалосы мужчына, падляцеў да мяне і з размаху заляпіў мне па скроні, закрычаўшы, што будзе займацца са мной сэксам у нетрадыцыйнай форме з элементамі гвалту.
Па-руску ён сказаў добра калі 10% сваёй палымянай прамовы, астатняе было адборнымі мацюкамі».
Праваабаронца Валерый Шчукін і брат Паўла Левінава Андрэй сутыкаліся таксама з Дзінасам Лінкусам, калі той працаваў намеснікам старшыні Фрунзенскага РУУСа Мінска. Яны адзначылі яго нестандартныя паводзіны і здзеклівы тон пры размове.
«Я магу яго ахарактарызаваць як дасведчанага кіраўніка, якому заўжды падам руку пры сустрэчы і падтрымаю як змагу.
Што да яго віны ў дадзеным выпадку, то гэта вызначыць суд», — так, у сваю чаргу, за некалькі дзён да суда ў інтэрв’ю «Комсомольской правде в Белоруссіі» пракаментаваў асобу былога падначаленага Алег Гайдукевіч.
Да ўступлення прысуду ў сілу Лінкус будзе заставацца на волі, пад хатнім арыштам.