З гісторыі гродзенскіх дзіцячых прытулкаў
– З якога часу дзіцячыя прытулкі вядомыя ў Гродна?
– У ХІХ ст. існаваў жыдоўскі прытулак на сучаснай вуліцы Леніна прыкладна насупраць «Дома Ўрача». Яго фундавала жыдоўская грамада, і там жылі менавіта жыдоўскія дзеткі. У дарэвалюцыйныя часы існаваў таксама беларускі прытулак, які знаходзіўся ў кляштары на месцы сучаснага драмтэатру, там ён кватэраваў да 1921 г. Вядома, былі і іншыя прытулкі, але зарэентавацца, дзе яны знаходзіліся, зараз даволі цяжка. У міжваенны перыяд існаваў дзіцячы дом, вядома пра яго надзвычай мала. Але ёсць інфармацыя, што ён выкарыстоўваў самыя сучасныя педагагічныя плыні. Аналагічны гродзенскаму прытулак існаваў тады ў Беластоку, дзе працавалі пісьменнік і педагог Януш Корчак, а таксама вядомы гродзенскі настаўнік Уладзімір Баран (бацька А.Мілінкевіча).
– Пасля вайны, вядома, прытулкаў пабольшала?
– Так, існавала тры прытулкі і адзін прыёмнік-размеркавальнік. Дзіцячыя дамы № 1 і 3 знаходзіліся на месцы сучаснага філалагічнага факультэту, панад Гараднічанкай. Іх падзяляла дарога, па якой ездзілі машыны: гэта дакладна вядома, таму што захавалася рашэнне гарвыканкаму аб тым, каб забараніць праезд па гэтай дарозе і ахаваць дзетак, якіх было тады каля 130 у кожным прытулку. Гэтыя дамы не захаваліся, але будынак сучаснай турыстычнай базы на Тэлеграфным завулку акурат выкарстоўваўся як дапаможны ў прытулку № 3.
Вольга Іпатава
У прытулку № 1, вядомым сярод гродзенцаў як «церамок», у 50-х выхоўвалася вядомая беларуская паэтка Вольга Іпатава. Яна мела даволі цяжкі лёс: маці памерла, атруціўшыся нядобрым мясам, у сям’ю прыйшла новая жанчына, якая не давала падчарцы спакойнага жыцця да такой ступені, што пераезд у прытулак ёй падаўся «раем». Дакументы захавалі інфармацыю аб яе першых выступах з вершамі ў прытулку, удзеле ў самадзейнасці і нават аб атрыманні ёй нейкіх прызоў.
“Церамок” са сваімі навучэнкамі
Прытулак №2 быў самым маленькім, месціўся на К.Маркса 24 і быў зачынены ў 1954 г. Існуюць легенды, паццверджанняў якім я пакуль не маю, аб тым, што падчас вайны там знаходзіліся нямецкія дзеці да тае пары, пакуль іх не пераправілі ў Нямеччыну. Распавядаюць таксама, як дзеці масава паміралі падчас этапу на радзіму ў вагонах для ската, а ахоўнікі-НКУСаўцы на станцыях на іх месца бралі першых дзяцей, якія пападаліся ім пад руку.
– Дзеці імкнуліся збегчы?
– У канцы 40-х – пач. 50-х беглых было вельмі шмат: адсоткаў 30-40 дзяцей з прытулкаў збягала. Гэта звязана з перабоямі з харчаваннем, напрыклад, да мяне трапіў дакумант, які сведчыць, што дзеці на вячэру атрымлівалі гарбату з …салёным агурком. Норавы ў савецкіх прытулках таго часу былі наогул даволі жортскімі: выхавацелі часам гвалцілі дзяўчат, а хлопцы вырашалі свае праблемы з фінкамі ў руках…
>
1944 г. Праз пару дзён пасля таго, як быў зроблены здымак ягоныя героі збеглі на фронт
Збеглыя маглі патрапіць ў прыёмнік-размеркавальнік, які знаходзіўся спачатку на чыгуначным вакзале, а пасля на Студэнцкай, 11. То бок, ад пачатку гэта былі дзеці, прыведзеныя ці схопленыя міліцыянтамі: іх бацькі альбо загінулі, альбо згубілі іх у дарозе, былі там і т.зв. «сыны палку». Дзеці там павінны былі знаходзіцца не больш за два тыдні, але гэты прынцып увесь час парушаўся, бо прытулкі былі перапоўненымі: у выніку некаторыя жылі там нават да году.
– Якім мог быць лёс дзяцей пасля прытулку?
– Для хлапцоў, пэўна, лепшым варыянтам была Сувораўская вучэльня, іх распіхвалі па прадпрыемствах, замацоўваючы шэфства, была мажлівасць без іспытаў трапіць у РУ (рамесная вучэльня). Размяркоўвалі іх пасля па ўсім Саюзе: Ашхабад, Мурманск. Ленінград. Тыя ж РУ, куды дзеці траплялі ў 14 год, існавалі амаль на казарменным становішчы, таму беглі і адтуль. Я маю толькі 8 прозвішчаў дзяцей, якія пасля скончылі Гродзенскі Педінстытут, атрымаўшы вышэйшую адукацыю. Гэта былі тыя, хто выдатна вучыўся, аднак самай папулярнай адзнакай сярод большасці дзетдомаўскіх была «тройка».
– Нацыянальны склад быў, пэўна, вельмі стракатым?
– Так, акрамя беларусаў, расейцаў, палякаў і жыдоў маглі трапіцца, напрыклад, узбекі, быў немец, якога няні нават спачатку ўбаюквалі па-нямецку, а дзеці дражнілі «фашыстам», пакуль той не пачаў даваць здачы, чым прымусіў сябе паважаць. У парэчскім прытулку выхоўваўся гішпанец Хеарардо Віана, там ён і працаваў, пасля перавёўся ў гродзенскі прытулк №1. Ён належыў да катэгорыі дзяцей рэспубліканцаў, якія трапілі ў Саюз пасля сканчэння Грамадзянскай вайны ў Гішпаніі ў 1939 г. Херардо паступіў у гродзенскі педінстытут, дзе вучыўся разам з А.Карпюком, які ўзгадвае яго ў аповесці «У адным інстытуце». У ім жа ён працаваў, пасля ў Культпрасветвучылішчы, ставіў там балет, пакуль не з’ехаў са зваротам на Радзіму ў 1970-х. Там ён напісаў успаміны, дзе цёпла ўзгадвае наш горад.