У Гродне пройдзе першы Ўсебеларускі з’езд каталіцкіх мас-медыя

|

На мерапрыемства, што запланавана на бліжэйшы верасень, плануецца запрасіць прадстаўнікоў рэлігійных і свецкіх СМІ: журналістаў, працаўнікоў сродкаў масавай камунікацыі, радыё і тэлебачання, інтэрнэту, піша catholic.by.

Будуць запрошаны супрацоўнікі замежных каталіцкіх СМІ, каталіцкія духоўныя іерархі.

 

“Асабіста я перакананы, што калі сучасны Касцёл хоча быць Касцёлам евангелізацыйным, Касцёлам, які перадае веру і яе ўмацоўвае, то ён павінен быць Касцёлам медыйным, — адзначыў мітрапаліт Кандрусевіч. — Сродкі масавай камунікацыі — гэта новы сучасны арэапаг, новае месца абвяшчэння Добрай Навіны і перадачы веры. Прыказка кажа: „Святое месца пустым не бывае“. Калі мы яго не зоймем, то яго зоймуць іншыя, а мы застанемся на пероне, вачыма праводзячы цягнік, які ад’язджае без нас”.

 

На сёння ў Беларусі выдаецца 3 каталіцкія газеты, створаныя альманахі і часопісы, працуе партал каталіцкай інфармацыі catholic.by.

Плануецца заснаванне Таварыства каталіцкіх журналістаў.

 

З 2010 года ў Гродзенскай дыяцэзіі дзейнічае Душпастарства супрацоўнікаў СМІ, якое яднае ўсіх, хто працуе ў сродках масавай інфармацыі, або мае дачыненне да іх.

Яго арганізатарам стаў кс. Павел Салабуда, галоўны рэдактар каталіцкай газеты «Слова жыцця».