Абвастрэнне антызаходняй рыторыкі

Чарговы дыпламатычны канфлікт паміж Беларуссю і Захадам разварочваецца на нашых вачах: 27 лютага ЕЗ прыняў рашэнне аб пашырэнні спісу грамадзянаў РБ, якія не могуць патрапіць на тэрыторыю Еўразвязу: гэтым разам туды патрапіў 21 функцыянер беларускіх уладных структураў, суддзі і сілавікі. Рашэнне ЕЗ звязанае з больш чым двухгадовым пакараннем, вынесеным у пятніцу Сяргею Каваленку – віцебскаму актывісту КХП-БНФ, які ўсталяваў нацыянальны сцяг на навагодняй елцы.

 

У адказ беларускія ўлады 28 лютага прапанавалі шэрагу заходніх дыпламатаў «выехаць у свае краіны для кансультацыяў», а таксама адклікалі прадстаўніка Беларусі пры Еўразвязе Андрэя Еўдачэнку і амбасадара Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка. За каментаром адносна сітуацыі мы звярнуліся да кіраўніка галоўнай рады Саюзу Палякаў, карэспандэнта «Газэты Выборчай» Анджэя Пачобута.

 

– Як вы маглі б пракаментаваць апошнія падзеі?

– Аляксандр Рыгоравіч пайшоў на абвастрэнне сітуацыі, але на самой справе асаблівых інструментаў уплыву на Захад у яго няма. Застаецца рыторыка і паніжэнне адносінаў з Еўразвязам, гэта значыць высылка амбасадараў. Такі сцэнар Беларусь ужо спрабавала са Злучанымі Штатамі Амерыкі, дзе па сённешні дзень няма беларускага амбасадара. Не думаю, што такі дэмарш Беларусі на некага зробіць уражанне.

 

– Ці можа гэта неяк негатыўна паўплываць на сітуацыю з Саюзам палякаў на Беларусі?

– Безумоўна, бо беларускія ўлады заўсёды ставіліся да польскай меншасці як да своеасаблівых закладнікаў. Не выключана, што і зараз яны могуць згуляць гэтай картай: пачаць пераслед СП. Разам з тым лічу, што ўлады зрабілі пэўныя высновы з падзеяў у 2005-2008 гг., таму калі падыходзіць рацыянальна, дык я не думаю што зараз нас будуць чапаць, бо гвалтам зламаць Саюз палякаў у іх не атрымалася і не атрымаецца. Цяжка аднак прагназаваць дзеянні, калі размова ідзе не пра рацыянальныя крокі, а пра эмацыйныя ўчынкі. Рэпрэсіяў выключаць нельга…

 

– Апошнім часам былі выкліканыя ў КДБ ці папярэджаныя ў пракуратуры шэраг незалежных журналістаў, якія працуюць на СМІ, зарэгістраваныя ў Польшчы? Ці бачыцца вам тут нейкая сувязь?

– Ёсць шэраг кірункаў, па якіх беларускія ўлады могуць спрабаваць націснуць на заходнія краіны. Адзін з іх – гэта паніжэнне дыпламатычнага рангу. Іншы – пераслед бізнэсу, але, думаю, на гэта ўлады не пойдуць, з прычыны цяжкай эканамічнай сітуацыі, а эканамічная блакада ім на руку не пойдзе. Ну і апошняе – гэта пераслед апазіцыі разам з абвастрэннем антызаходняй рыторыкі. Магчыма масавыя выклікі на Гарадзеншчыне акурат з гэтым звязаныя.

 

Нагадаем, што аналагічным чынам у 2008 г. з Беларусі быў высланы амбасадар ЗША, а з Вашынгтону, у сваю чаргу, быў адкліканы «для кансультацыяў» амбасадар Беларусі. Тым разам беларускае МЗС патлумачыла дадзены крок увядзеннем Злучанымі Штатамі санкцыяў супраць «Белнафтахіму» і замарожваннем ягоных рахункаў, якія знаходзіліся пад юрысдыкцыяй ЗША. Сёння аднак гаворка ідзе не пра ЗША, а пра Польшчу, якая непасрэдна мяжуе з Беларуссю, нацыянальную злучнасць з якой паводле апошняга перапісу пацвердзіла амаль 300 тысяч нашых грамадзянаў.

Фота reporter.by