ВУЛІЦА МАЁЙ БАБУЛІ

| Без катэгорыі

Я шмат часу шукаў чалавека, які мог бы расказаць мне аб мінулым гэтай вуліцы.Чалавека, які пражыў там амаль з пачатку яе будаўніцтва і да нашых дзён. І я знайшоў! Такім чалавекам аказалася… мая бабуля! Яна жыве на вуліцы Горкага больш за паўстагоддзя і з радасцю «дала інтэрв’ю» ўласнаму ўнуку і ТС. Размаўляйце са сваімі бабулямі і дзядулямі, можа, таксама пачуеце нешта нетрадыцыйнае і цікавае.

Ірына Васілеўская (бабуля аўтара): У пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя, калі мы толькі прыехалі ў гэтае месца, вуліцы практычна не было: вузенькай палосачкай цягнулася дарога ўздоўж толькі што пабудаваных дамоў… Ды некалькі маладзенькіх дрэваў-пруцікаў стаяла побач. Вось і ўсё. Памятаю, калі я была маладая, любіла гуляць па «новым свеце», асабліва па той частцы, дзе «свет» сутыкаўся з вуліцай Горкага – там былі найпрыгажэйшыя хаты і каляровыя дываны кветак. Шкада, што гэта сапраўдная гісторыя нашага горада «абрасла», а ў некатарых выпадках наадварот – зруўнавана – праектамі сучаснага, падчас бязлітаснага будаўніцтва. Яшчэ памятаю зімовыя лыжныя прагулкі ў 60-я гады, якія можна было пачынаць ад сучаснага раддому, бо БЛК і мікрараёна Фарты тады яшчэ не існавала…

Вуліца Горкага Вуліца мае ўсю патрэбную інфраструктуру. Тут ёсць кінатэатр «Космас» (1964 г.) дзе, апрэч прагляду кінастужкаў, пагуляць у кампутарныя і відэа-гульні, настольны тэніс ці ўзяць на пракат DVD-дыскі і відэакасеты. Гасцініца «Беларусь» была пабудавана прыкладна ў той жа час і некалькі дзесяцігоддзяў заставалася адной з лепшых. Стадыён «Нёман» тады меў назву «Красное знамя», а Грандзіцкі рынак доўгі час быў амаль што адзіным у горадзе, і людзі называлі яго «таўкучкай».

На вуліцы Горкага месціцца будынак Тэлерадыё кампаніі «Гродна», якая ўжо адзначыла сваё 40-годдзе, і вялікі рынак «Карона», які быў створаны на месцы завадскіх цахоў буйнога гарадзенскага прадпрыемства. На вуліцы Горкага – шмат крамаў, аквапарк, галоўны корпус Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэту, абласны радзільны дом, прадпрыемства «Радыёхваля», ААТ «Молочный мір», Камбінат будаўнічых матэрыялаў, а таксама некалькі дзіцячых садкоў і школ.

Кінатэатр “Космас”

Гасцініца “Беларусь”

Стадыён “Нёман”

Грандзіцкі рынак

Вось такі будынак у зуткім часе з’явіцца на вуліцы Горкага

Некалькі гадоў таму была праведзена поўная рэканструкцыя вуліцы, з-за якой вырубілі асноўную частку дрэваў і зруйнавалі шмат будынкаў, у тым ліку і вядомую ўсім гараджанам краму «Гарачы хлеб». Рэканструкцыя адбылася, але дрэнны стан дарог вуліц і завулкаў, якія прылягаюць да вуліцы Горкага, застаўся. І гэта турбуе людзей.

Тут калісьці стаяў «Гарачы хлеб»

Па вуліцы Горкага была пракладзена адна з першых тралейбусных сетак. А ў хуткім часе на пустыры паміж гарадскім турыстычным інфармацыйным цэнтрам і стаматалогіяй №1 з’явіцца сучасны будынак Белгазпромбанку. Можна сказаць, што вуліца Горкага – невялікі горад у горадзе.

Яраслаў ВАСІЛЕЎСКІ

Фота аўтара