Праводзілі зіму і адзначылі дзень нараджэння медзведзянятаў
З гэтай нагоды заапарк наведала карэспандэнтка «Твайго стылю» і пераканалася, што віншавальны торт для медзведзянятаў быў зроблены з намазаных павідлам кавалачкаў хлеба, батона і бліноў і ўпрыгожаны апельсінамі.
>
Пачастунак для медзведзянятак
Смачна!
Дзеткі таксама пачаставаліся – у часе конкурсу «Хто хутчэй»
Пра імяніннікаў і іншых пітомцаў распавяла навуковая супрацоўніца Гродзенскага заапарка Вольга Плытнік:
– Тома і Пенелопу (мянушкі медзведзянятаў – аўт.) у мінулым годзе прывезлі ў Гродзенскі заапарк з Расіі, – паведаміла спадарыня Вольга, а на пытанне, чаму зімой мядзведзі ня спяць, адказала, што заснулі толькі барыбалы і буры мядзведзь, а маленькія медзведзяняты не спяць. І патлумачыла, што спячка ў мядзведзяў доўжыцца, як правіла каля трох месяцаў, але нават у часе спячкі мядзведзі могуць устаць, паесці і зноў заснуць.
– Як жывёлы перанеслі зіму?
– Вельмі добра. Цеплалюбівыя былі пераведзеныя ў ацяпляныя памяшканні.
– Наведвальнікі амаль заўсёды хочуць пакарміць жывёл. Ці гэта дазваляецца?
– У прынцыпе, жывёл карміць нельга. Але, калі вельмі хочацца, то капытным можна даваць гародніну (капусту, моркву), а птушкам – хлеб. Нажаль, не ўсе гарадзенцы прыслухоўваюцца да патрабаванняў адміністрацыі і кормяць хлебам не толькі птушак, але і капытных. Напэўна, кармілі б і драпежнікаў, калі б мелі магчымасць да іх наблізіцца.
Нягледзячы на папярэджанне, усе наровяць | сунуць булку ўлюбёнцу |
– А ці праўда, што кармленнем ваўкоў займаецца выключна дырэктар? – цікавімся ў Вольгі Плытнік.
– Так, гэта праўда. Магчыма, ваўкі ўспрымаюць яго за «свайго» ці як важака. Дырэктар іх корміць, прыбіраецца ў іх клетцы, а таксама з імі гуляе, – пацвярджае супрацоўніца заапарка.
На хвалюючае гарадзенцаў пытанне, калі ў заапарку з’явіцца слон, нашая суразмоўца здрадзіла, што слана павінны прывезці ўжо ў гэтым годзе: «Але ўсё не так проста. Кошт слана вагаецца ад 150 тысяч даляраў да 150 тысяч еўра. Таму мы чакаем, каб пабудаваны сланоўнік прыняла спецыяльная камісія з ЮНЕСКА. Калі ўсё будзе добра, то заапарк атрымае слана бясплатна і прыйдзецца аплаціць толькі транспартныя выдаткі».
«Твой стыль» даведаўся таксама пра іншы факт, які тычыцца фінансавага боку набыцця пітомцаў. Часам атрымліваецца, што новыя жывёлы з’яўляюцца ў заапарку дзякуючы тым, якія ўжо ў ім жывуць. Рогі алтайскага марала, напрыклад, вельмі каштоўныя і высока цэняцца ў фармацэўтычнай прамысловасці. Іх у нашага заапарку скупляе фармацэўтычная кампанія. У мінулым годзе за грошы, атрыманыя за рогі заапарк набыў рысь.
Са шкадаваннем Вольга Плытнік распавяла, што 2011 год атрымаўся трагічным для доўгажыхароў заапарка. На 59-м годзе жыцця, не дачакаўшыся новага тэрарыума, памёр кракадзіл Робін, а ва ўзросце 54-х гадоў сканаў чорны грыф. Робіна ў 1953 годзе падарыла гродзенскаму заапарку кітайская дэлегацыя. У памяць аб кракадзіле з яго зробяць пудзіла.
– Ці завяршылася ўжо рэканструкцыя заапарка?
– Можна сказаць, што завяршылася. Засталіся толькі сякія-такія недаробкі: дзе-нідзе працякае дах, а таксама падтапляла некаторыя будынкі з-за блізкага стаяння грунтавых вод. Да верасня, да дня нараджэння заапарка, плануецца ўсе недаробкі ліквідаваць. Дарэчы, пасля рэканструкцыі плошча заапарка павялічылася ад 3,5 га да 5,3 га.
А яшчэ вадзілі карагод вакол пудзілы!
Потым пудзілу расцягнулі па кавалачках, дакладней «па пучках» і раздалі братам нашым меншым
Фота аўтара і Вольгі Юрэвіч