У ваколіцах Гродна з’явіліся першыя жаўрукі
Старшыня гродзенскага аддзялення грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Дзмітрый Вінчэўскі:
– Назіраць за птушкамі вясной трэба, каб прасачыць характар міграцыі па ўсёй Беларусі, паглядзець, якія змены адбываюцца, якія птушкі прылятаюць раней, якія – пазней, чаму. А, па-другое, гэта проста вельмі цікава!
Жаўрукі ўжо прыляцелі, і зараз пачнецца актыўная міграцыя.
Да гэтай акцыі можа далучыцца кожны. Першыя тры назіранні для кожнай з абласцей будуць заносіцца ў адмысловую табліцу, якую знойдзеце тут: http://birdwatch.by/vyasna2012.
Для таго, каб Вашае назіранне трапіла ў табліцу, пакіньце пра яго інфармацыю (від, дзень, месца – бліжэйшы населены пункт і раён-вобласць, аўтар(ы) назірання) у каментарах пад табліцай, ці запоўніце адмысловую форму. Ананімныя назіранні ў Табліцу змяшчацца не будуць.
Зарэгістраваныя на сайце карыстальнікі могуць, акрамя каментараў, прычапіць у іх здымак або пакінуць інфармацыю ў раздзеле, незарэгістраваныя – пакідаць свае каментары.
Калі Вы не можаце вызначыць убачаных птушак – дасылайце іх фотаздымкі, Вам дапамогуць прафесіяналы.
Калі на зімоўку каля нас застаюцца штогод каля 100 відаў, то гняздуе ў Беларусі каля 230 відаў, так што розныя і новыя віды будуць з’яўляцца нават да паловы мая.
Летась аматары птушак падчас вясновых назіранняў зафіксавалі ў Гродзенскай вобласці 96 відаў, якія вярнуліся з выраю. Сёлета пакуль толькі тры з ста дваццаці аднаго прапанаванага для ўліку віда.
Здымак з сайта http://alex-perevozov.livejournal.com