Украінскія інтэрнэт-СМІ вінавацяць гродзенскую табачную фабрыку ў нелегальным экспарце
“Украина криминальная” піша пра новы крымінальны бізнес па гандлі кантрабанднымі цыгарэтамі гродзенскай вытворчасці.
Сайт сцвярджае, што цыгарэты “ФЭСТ” ва Ўкраіну завозяць нелегальна і прадаюць як з акцызнымі беларускімі маркамі, так і без іх, а табачная фабрыка “Нёман” “наладзіла схему нелегальнага экспарту на тэрыторыю Украіны”.
“Кантрабандны тавар фабрыкі “Нёман” прадстаўлены на ўкраінскім рынку ў двух відах – “ФЭСТ сіні” без беларускай акцызнай маркі і “ФЭСТ чырвоны” з акцызнай маркай. Што ж атрымліваецца – няўжо дзяржаўнае прадпрыемства з шматгадовай гісторыяй і бездакорнай рэпутацыяй табачная фабрыка “Нёман” вырабляе “левы” тавар без акцызных марак і ў дадатак яшчэ незаконна экспартуе яго на тэрыторыю Украіны?” – задаецца пытаннем выданне.
Экспертыза незалежнай лабараторыі пацвердзіла, што па фізічных параметрах і хімічных паказчыках цыгарэт, па тыпе ўпакоўкі беларускія цыгарэты з акцызнымі маркамі і без іх ідэнтычныя.
Намеснік генеральнага дырэктара табачнай фабрыкі “Нёман” Дзмітрый Анатольевіч Чугай не адмаўляе таго, што фабрыка пастаўляе ў суседнюю краіну цыгарэты і з акцызнымі маркамі, і без.
Д.А.Чугай:
– “Хутчэй за ўсё гэта замоўлены артыкул.
Вялікая колькасць нашай прадукцыі на Ўкраіне – вынік памежнага гандлю: напэўна, людзі туды завозяць цыгарэты, ёсць звесткі, што і ўкраінцы закупаюць іх тут у вялікай колькасці.
Што тычыцца цыгарэт без акцызных марак, то гэта афіцыйныя пастаўкі прадукцыі па дамове з контрагентам для продажу ў крамах бяспошліннага гандлю. Прадукцыя афіцыйна адгружаецца, пад канвоем дастаўляецца за мяжу. А што яны з ёй там робяць, гэта трэба ў іх запытацца.
Дарэчы, такія пастаўкі мы робім таксама ў Расію і Малдову.
У нас на фабрыцы – чатырохкратны кантроль, кантралюецца кожная пачка, на кожную скрыню накладаецца пашпарт, таму мы ўлічваем усю нашу прадукцыю і пра “левы тавар” не можа быць размовы”.
Рознічны кошт кантрабанднай пачкі “ФЭСТу” ва Ўкраіне – 4 грыўны. Да параўнання, самыя танныя ўкраінскія цыгарэты з фільтрам каштуюць 6-7 грывен. Максімальны рознічны кошт “ФЭСТу” ў Беларусі 2600 рублёў (каля 2,5 грн.).
На здымку: так прадаюцца цыгарэты “ФЭСТ” без акцызнай маркі ў Днепрапятроўскай вобласці
Здымак з сайта http://cripo.com.ua