Маленькія гісторыі пра вялікую палітыку

|

Аўтар кажа, што кніжка – зборнік вясёлых навэл пра тыя недарэчнасці, якія напаткалі герояў аповедаў у раннім палітычным змаганні. Кніга распавядае пра рэальныя гарадзенскія гісторыі ў творчым, смачным пераказе аўтара. Пра кнігу і асаблівасці пісання ў цяжкіх умовах распавядае сам аўтар:

 

– Кніжка напісаная даўно. Спачатку выходзілі аповяды на старонках «Нівы» і ў часопісе Саюзу пісменнікаў «Дзеяслоў». Такія вясёлыя гісторыі пра жыццё апазіцыі, пераважна не сталічныя, а перыферыйныя гісторыі. Яны і склаліся ў зборнік. У кнізе распавядаецца пра стасункі паміж людзьмі, адносіны са службамі, з уладай, з грамадзянамі. Гэта было напісана яшчэ тады, калі палітычны досвед у людзей толькі пачынаўся. Улады яшчэ хоць неяк рабілі спасылкі на закон, таму і ў жыцці мелі месца гісторыі вясёлыя, а не сумныя, як зараз. Персанажы у кнізе зборныя, і некаторыя гісторыі маюць таксама зборны характар: з некалькіх сітуацый для настрою змадэляваная адна. Але ёсць і такія, якія адбываліся насамрэч ад пачатку да канца. Напрыклад, вырашана было на мітынгу спаліць расійскі сцяг у знак пратэсту супраць інтэграцыі. А сцягу не было. Хлопцы купілі белую, чырвоную і сінюю матэрыі і аддалі ў атэлье для пашыву. На мітынгу сцяг спалілі, але ніхто не быў пакараны. Гэтаму здзіўляліся. А пасля, калі сталі глядзець фота, то толькі тады заўважылі, што ў атэлье пераблыталі палосы, і быў спалены нейкі незразумелы сцяг.

 

Што да будучай прэзентацыі, то аўтар дакладна не ведае, калі яна будзе адбывацца: «Прэзентацыя не ад мяне залежыць, а ад выдаўцоў, бо я яшчэ гэтай кнігі сам не маю».

>

«Сандалі…» – ужо другая кніга аўтара. Першая кніжка выйшла ў Бібліятэцы Беларускага Радыё Рацыя ў серыі «Трансгранічныя сцежкі». Яна называлася «Суседскія былі» (Bajdy sąsiedzkie) і была перакладзеная на польскую мову Марцінам Рэмбачам. У беларускай версіі кніга друкавалася пад рэдакцыяй Яўгена Вапы на старонках тыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва».