Эксперымент «цыгарэта»

|

Я вырашыў правесці невялікі эксперымент, каб высвятліць, наколькі добра працаўнікі шапікаў памятаюць рэкамендацыі Савету Міністраў. Знайшоў некалькі добраахвотнікаў-падлеткаў, якія пагадзіліся дапамагчы мне. Эксперымент пачаўся.

Узяўшы фотаапарат, схаваўся за вуглом шапіка, што знаходзіцца побач з крамай «Удачный» на Вішняўцы. Праз пару хвілін падыйшлі мае добраахвотнікі і спыталі пачак цыгарэт. Прадаўшчыца, не звяртаючы ўвагі на падлеткавы ўзрост, спакойна прадала цыгарэты. Усё гэта я сфатаграфаваў, забраў у хлопцаў пачак і падыйшоў да акенца. Пытаю жанчыну:

– Выбачайце, але чаму ў парушэнне закону вы прадалі цыгарэты дзецям?

Прадаўшчыца ў адказ абурана:

– Гэта я прадаю, ці што?

– Дык вось, толькі што прадалі цыгарэты хлапчукам! – І паказваю пачак.

Жанчына злосна забірае тавар, вяртае грошы і гаворыць напрыканцы:

– Больш не падыходзьце, не прадам.

– А мы і не палім! – Усміхаюся я і адыходжу.

Выснова: «папярэджанне» пра 18 гадоў, налепленае на шапіках, часцяком «забываюць» самі прадаўцы. А наколькі часта, можна прасачыць па колькасці тых, хто паліць у школах.

Святаслаў Ляўчук

Фота аўтара