Дырэктар гродзенскага тэатра лялек пераведзены на пасаду актора
У самім тэатры кадравыя змены не каментуюць.
Вядома толькі, што на дадзены момант абавязкі дырэктара выконвае намесніца дырэктара па працы з гледачамі Марыя Антонаўна Шабашова.
Аляксандр Ігнаценка прыйшоў у Гродзенскі тэатр лялек у 1988 годзе, скончыўшы Ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі імя Чаркасава па спецыяльнасці актор тэатра лялек. На пасадзе дырэктара працаваў з 11 лістапада 1998 года.
Звальненне дырэктара адбылося неўзабаве пасля сустрэчы 2 сакавіка актораў і кіраўніцтва тэатра з старшынёй Гродзенскага аблвыканкаму Сямёнам Шапірам.
Гэтая сустрэча прайшла пасля напісання супрацоўнікамі тэатра калектыўнага ліста да міністра культуры (копія – старшыні Гродзенскага аблвыканкама), падпісанты якога прасілі звярнуць пільную ўвагу на правядзенне ў будынку тэатра рэстаўрацыйных работ, якія пагражаюць знішчэннем адметнасцяў помніка архітэктуры.
На сустрэчы прадстаўнікоў калектыву з Сямёнам Шапірам было прынята пад увагу жаданне калектыву ўзаемадзейнічаць з аўтарамі праекта рэканструкцыі гістарычнага будынка. Цяпер тэатральны мастак афіцыйна працуе з дызайнерамі, галоўны режысёр тэатра лялек запрашаецца на нарады, прысвечаныя правядзенню рэканструкцыі.
А дырэктар звольніўся.
Дакладная прычына напісання дырэктарам тэатра лялек заявы на звальненне па ўласным жаданні невядомая.
Здымак http://www.gs.by