10 сакавіка Міхасю Ткачову споўнілася б 70 гадоў
Да 70-годдзя Міхася Ткачова ( і 1150-годдзя заснавання Полацка) прымеркаваная студэнцкая канферэнцыя, якую ладзіць кафедра археалогіі і этналогіі факультэта гісторыі і сацыялогіі і студэнцкі археалагічны гурток ГрДзУ імя Янкі Купалы 12 сакавіка, піша http://grsu.by.
У канферэнцыі акрамя гродзенцаў возьмуць удзел студэнты БДУ, Полацкага і Брэсцкага дзяржаўных ўніверсітэтаў, Ягелонскага і Ўроцлаўскага ўніверсітэтаў.
13 сакавіка адбудзецца міжнародны круглы стол “Праблемы выкладання археалагічных і этналагічных дысцыплін у ВНУ Беларусі і Польшчы”.
Міхась Ткачоў даследваў вайсковую гісторыю Беларусі. Аўтар каля 200 навуковых прац, у тым ліку 10 кніг.
У Гродне ён з 1978 году працаваў выкладчыкам, а пасля загадчыкам кафедры ў ГрДзУ імя Янкі Купалы. Чыніў мясцовым уладам перашкоды ў знішчэнні гістарычнай забудовы, за што гісторыка спрабавалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці “за клевету на органы Советской власти”.
З другой паловы 80-ых Міхась Ткачоў актыўна ўключыўся ў грамадска-палітычнае жыццё. Ужо пасля пераезду ў 1989 годзе ў Мінск удзельнічаў у стварэнні «Мартыралогу Беларусі», уваходзіў у Аргкамітэт БНФ, быў ініцыятарам аднаўлення ў Беларусі сацыял-дэмакратыі і першым старшынёй Цэнтральнай рады адноўленай БСДГ.
Сёлета 31 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў з дня смерці Міхася Ткачова.
На здымку: Міхась Ткачоў на мітынгу ў Мінску ў пачатку 90-ых гадоў
Здымак http://nn.by