У Лідзе ўшанавалі забітых святароў

|

Арышты ў Лідзе і ваколіцах у часы Другой сусветнай вайны трэба разглядаць як частку акцыі супраць палякаў, якая праходзіла па ініцыятыве галоўных органаў улады ў Берліне. Немцы, прыйшоўшы на гэтыя землі, спачатку ліквідавалі камуністаў, затым яўрэяў, і нарэшце распачалі чарговы этап тэрору — знішчэнне польскай інтэлігенцыі.

29 чэрвеня 1942 г. былі арыштаваны святары з парафіі ў Лідзе (Слабада): пробашч кс. Вінцэнт Лабан і вікарый кс. Люцыян Мрачкоўскі. Праз некалькі дзён быў арыштаваны кс. Стэфан Снягоцкі, вікарый лідскай фары. Акрамя гэтага, у турэмным зняволенні аказаліся і іншыя святары.

Вырашэнне лёсу зняволеных адбылося 10 сакавіка 1943 года. Парафіяне паклапаціліся аб тым, каб знайсці іх целы і пахаваць у вядомым месцы. Канчатковая эксгумацыя і перанясенне парэшткаў на старыя слабодскія могілкі адбылося толькі пасля 1960 года.

На супольнай магіле быў пастаўлены помнік, на якім пазначаны імёны 9 святароў-мучанікаў: кс. Вінцэнт Лабан і кс. Люцыян Мрачкоўскі, душпастыры Ліды і Слабады, кс. Стэфан Снягоцкі, вікарый лідскай фары, кс. Аляксандр Аўгустыновіч, пробашч у Нецечы, кс. Стэфан Дабравольскі, пробашч у Беліцы, кс. Альфонс Бароўскі, кс. Францішак Цыбульскі, пробашч у Трабах, кс. Ежы Ажароўскі, пробашч у Ліпнішках, кс. Вінцэнт Стшэснеўскі, пробашч у Юрацішках.