Успаміны пра адчуванне мора. Частка І

| Без катэгорыі

– Для мяне рамантыка стала першаснай у захапленні морам. Рамантыка не таму, што я любіў чытаць Жуль Верна – насупраць, у дзяцінстве ў мяне было зусім іншае адчуванне мора: я яго троху баяўся, мяне ўкачвала. Можна сказаць, было негатыўнае адчуванне.

 

Аднойчы я ўбачыў, дакладней – адчуў бераг у адлегласці некалькіх дзесяткаў міль…Зямля была настолькі непрыкметнай у параўнанні са стыхіяй мора! Тут прыйшло адчуванне бездапаможнасці, адчуванне таго, што ты пясчынка. Нават сёння мне дастаткова ўбачыць хвалі, як гэтае адчуванне вяртаецца. Белыя хвалі – чорнае дно, і адразу пачынае моцна біцца сэрца, узнікае адчуванне ўнутранага шчасця, а калі б я не быў веруючым чалавекам, такое адчуванне можна назваць унутраным экстазам.

 

Пяць год (1985-1989) я правёў у ваенна-марской вучэльні. Меў практыкі, звязаныя з рознымі відам дзейнасці. Напрыклад, шлюпачную практыку на першым курсе ў Петрадварцы, дзе была спецыялізаваная база. Мы павінны былі спаборнічаць на шлюпках – звычайных шасцівёсельных ялах. Там я атрымаў другі дарослы разрад па грэбле. Рукі сцертыя да крыві, мазалі… Потым рукі грубеюць, і ты адчуваеш, што ты – мужык.

 

Было шмат фізічных пакутаў, асабліва для мяне, хлопчыка з «сухапутнага» гораду. Пазней мы навучыліся ставіць ветразі.

 

Найбольш цікавы паход быў даўжынёй больш за 7 тысяч міль – з Балтыйскага да Чорнага мора. Аднак у той год, калі мы ішлі гэтым шляхам, здарылася аварыя ў Мармуравым моры з удзелам савецкіх і турэцкіх караблёў; адбыўся нейкі канфлікт – турэцкае судна пераехалі савецкія караблі. І каб не накаляць абстаноўку, савецкія вайсковыя суда туды не пускалі. У той час Чорнае мора лічылася дэмілітарызаванай зонай. І мы праз Балеарскія выспы вымушаныя былі вярнуцца назад.

 

Першы прыпынак гэтага вялікага падарожжа быў у Лібаве, цяпер горад Ліепая. Гэта горад нараджэння майго дзеда. У той час ён выглядаў вельмі падобна на Кранштадт, таму што забудованы ён быў пераважна ў часы Расійскай Імперыі. Увесь цэнтр складаўся з тыповых вайсковых дамоў, гэта была ваенна-марская база, якая замярзала ўзімку.

>

Практыка была няпростая і ў тым, што мы вымушаныя былі плыць на вучэбным караблі, а не на акіянскім лайнеры. Гэта быў не крэйсер «Александр Неўскі», які тут на здымку, і ў якога такая пасадка, што любыя хістанні, любыя штормы, ён вытрымліваў нармальна. І нават людзі з марской хваробай іх легка перажывалі. А нам прыходзілася літаральна «лятаць», нас моцна штарміла. Наш навучальны карабель выглядаў, як мыльніца. А мы яшчэ праводзілі практыку на 9-й, самай верхняй «астранамічнай» палубе. Калі казаць пра умовы, у якіх нас вучылі, я думаю, яны мала адрозніваюцца ад сённяшніх.

 

На далёкі паход заўсёды рыхтавалі запасы. Хлеб на караблі не пяклі, хлеб быў заспіртаваны ў такіх ворках, быццам бы з-пад аміячнай селітры. Туды запіхвалі праспіртаваныя батоны, і яны ляжалі ў лядоўні да пары да часу. Калі трэба было, кухонныя работнікі на камбузе выцягвалі батоны, кідалі іх у духоўку, і спірт выпарваўся. Калі спірт быў добра выпараны, хлеб атрымліваўся мяккі і здобны, а калі – не, тады мы елі хлеб з пахам спірту. Больш за 40 дзён харчаваліся адным і тым жа супам: кансэрваванай бурачнай салянкай. Я ў жыцці больш ніколі не дакрануўся да такога супу.

 

У часе вучобы я ўпершыню ўбачыў замежных студэнтаў – гэта былі маладзёны з ГДР, абутыя ў красоўкі… А самым цікавым у паходзе быў наш прыпынак у Алжыры. Пра гэтае чытайце ў наступнай частцы.

Запісаў Андрэй Мялешка