Два рэвалюцыянеры

|

«Чэ. Частка першая» гэта спроба стварыць партрэт выбітнага і ўжо легендарнага рэвалюцыянера Эрнэста Гевары. Тэма вельмі супярэчлівая і складаная, таму прадбачыць як сабе дасць рады рэжысёр Стывен Содэрбэрг было няпроста. Ён з тых, ад каго ніколі не ведаеш, чаго спадзявацца. Раз ён выдае оскараносны «Трафік», а другі – неадназначнага «Кафку» ці няўцямны «Салярыс». Хаця апошнім цяжка папракаць – нават Таркоўскі меў з яго экранізацыяй праблемы.

Гэтым разам атрымаўся рэалістычны баявік, стылізаваны месцамі пад дакументальнае кіно. Стужка паказвае два гады з жыцця Эрнэста Гевары, калі ён змагаўся ў партызанах з рэжымам Бацісты. Час ад часу дзеянне перарываецца інтэрв’ю з амерыканскай журналісткай ці выступам на форуме ААН. Гэты храналагічны бардак на пачатку фільму паспяхова ўскладняе ўспрыманне, але прызвычаіцца можна. Па вялікім рахунку мы ўвесь час бачым ікону – смелага і моцнага духам рэвалюцыянера, па левым і па правым боку ад якога – выбухі ды стрэлы, ззаду – крыкі сяброў: «Patria o muerte!», а наперадзе – сусветная слава, якая пасля трагічнай смерці толькі павялічыцца. «Ты думаеш я шалёны? » – пытаецца Фідэль у Эрнэста на самым пачатку фільма. «Гэта ты шалёны» – адказвае яму ў самым канцы.

Кшыштаф «Грабаж» Грабоўскі ў адной з песень спявае: «Я памятаю цябе толькі па здымку, Камендантэ Чэ Гевара». Гэтыя словы польскага рокера вельмі трапна адлюстроўваюць нашыя веды пра Чэ пасля прагляду стужкі. Яны застаюцца дакладна такія ж, як і былі. Барадаты мужчына з фотакарткі, на тыражаванні якой капіталістычны свет зарабіў і яшчэ заробіць мільёны. Барадаты мужык з майкі майго суседа. Не больш за тое.

>

Другі фільм – ва ўсім адрозны ад першага, хаця таксама ёсць партрэтам рэвалюцыянера, які ўзяў на сябе адказнасць за змены. «Грамадзянін Гавэл» гэта сапраўдная дакументалістыка, якая набліжае нам асобу Вацлава Гавэла – палітыка-інтэлектуала, з-за якога чэхам можа пазайздросціць кожны іншы народ. Мы бачым дзве гадзіны з амаль трынаццаці гадоў жыцця, якія, не стамляючыся, здымаў рэжысёр Павэл Коўтэцкі. Нажаль, ён трагічна загінуў падчас працы над чарговай стужкай, прысвечанай экстрэмалам, што ўскарасківаюцца на хмарчосы. Таму працу скончыў Міраслаў Янэк, вядомы па працы над Powaqqatsi – фактычна мантажным фільмам, дзе галоўным з’яўляецца адпаведнае змяшчэнне сцэн.

У «Грамадзяніне» мы знаёмімся хіба што з самым непалітычным палітыкам у сучасным свеце, поўным іроніі, у тым ліку і да самога сябе. Гэта акурат тая дыстанцыя і несур’ёзнасць, за якую мы любім чэхаў і іх кінематограф. Але калі трэба, Гавэл хутка робіцца сур’ёзным і задуменным. «Я не магу схлусіць людзям, калі я палітык праўды і даверу», – кажа ён. Ён з аднолькавай павагай і дабрадушнасцю адносіцца да мінака на вуліцы і лідэра партыі, аднолькава цёпла прымае ў сваім замку на Градчанах гурт Ролінг Стоўнз і прэзідэнта Злучаных Штатаў.

Абодва фільмы добрыя, але ў маю калекцыю трапіць толькі адзін. Таму што прагляд «Чэ» на экране меншым за кінаэкран я ўявіць не магу. Ды і другі раз яго глядзець я не маю жадання.

Фільм: Чэ. Фільм першы / Che. Part One, Францыя-Гішпанія-ЗША, 2008 г., 126 хв.

Рэжысёр: Стывен Содэрберг

Жанр: ваенны / біяграфічны / гістарычны

Прыватная ацэнка: 6/10

Фільм: Грамадзянін Гавэл / Obcan Havel, Чэхія 2008 г., 119 хв.

Рэжысёр: Міраслаў Янэк, Павэл Коўтэцкі

Жанр: дакументальны

Прыватная ацэнка: 8/10

Аляксей Шота