Мастацтва пераадольвання перашкод

| Без катэгорыі

Яму 18 гадоў, тры з якіх ён актыўна займаецца паркурам (ад францускага parcours, parcours du combattant – дыстанцыя, паласа перашкод; звесткі з Вікіпедыі). Чым займаюцца гарадзенскія аматары паркуру, якіх таксама называюць трэйсерамі? Пра гэта «Твой Стыль» і пагутарыў з Алегам, які з’яўляецца ўдзельнікам паркур-каманды Grodno BLR і прадаўжальнікам традыцыяў першых гарадзенскіх трэйсераў з існуючых шэсць гадоў таму камандаў Glass sity і GTCat.

 

Дарэчы, менавіта ў нашым горадзе паркур з’явіўся раней, чым у іншых гарадах краіны. Зараз каманда Grodno BLR налічвае 10 актыўных удзельнікаў. Але, па словах Алега, сябрамі Grodno BLR лічыць сябе значна больш маладзёнаў з гораду і вобласці.

 

– У звычайных людзей слова «паркур» асацыюецца з нейкімі вар’яцкімі скокамі з аднаго даху на іншы, але на самай справе, гэта ж не так, – спрабуе развеяць стэрэатыпы Алег на самым пачатку нашай размовы і тлумачыць, што мастацтва пераадольвання перашкодаў, якім і з’яўляецца паркур, гэта не эпатаж на мяжы самазабойства, але суцэльная філасофія жыцця. – Кожны трэйсер мае нейкую сваю тэхніку і навыкі для таго, каб правільна прыгнуць і прызямліцца. А дэвіз стрыт-тэйсераў: не існуе межаў, ёсць толькі перашкоды.

 

Але чаму моладзь захапляецца паркурам?

– Галоўны плюс паркура ў тым, што ён дае чалавеку магчымасць самаразвіцця і стымул для самаўдаскладнення. Калі ты развіваешся, то адчуваеш, што жывеш сапраўдным жыццём, у якім становяцца непатрэбнымі піва ці сыгарэты. Калі правільна падыходзіць да гэтай справы, то паркур дае толькі плюсы: фізічная падрыхтоўка, уменне пераадольваць складанасці…

 

Дзяўчаты таксама займаюцца паркурам?

– Уласна паркурам – не, але некаторыя з іх вельмі часта прыходзяць да нас разам трэніравацца.

 

Калі б я вырашыла заняцца паркурам і стаць трэйсерам, якая спецыяльная падрыхтоўка мне патрэбная?

– Па-першае, вы павінны разумець, што не зможаце адразу выконваць неверагодныя штукі, якія можна пабачыць на разнастайных відэа. Вельмі важную ролю мае вашая фізічная падрыхтоўка. Трэйсеры не толькі скачуць, яны займаюцца сабой, працуюць над сваім целам і духам. Я ніколі не бачыў тоўстага трэйсера. Але калі вы сапраўды хочаце займацца паркурам, то лепш за ўсё пазнаёміцца з практыкуючым трэейсерам, які зможа аказаць кваліфікаваную дапамогу.

Ці ёсць нейкія ўзроставыя абмежаванні для трэйсера?

– Не пажадана сур’ёзна трэніравацца моладзі да 17-18 гадоў, бо іх арганізмы яшчэ не гатовыя для гэтага. З іншага боку, у сусветнай практыцы існуе неверагодная колькасць «старых» трэйсераў. Напрыклад, заснавацель паркура Давид Бэль дэманструе выдатны ўзровень, хаця яму ўжо 38. Іншымі словамі, ўзрост не мае вырашаючага значэння.

>

Ці ўдзельнічаюць трэйсеры ў культурна-грамадскім жыцці гораду?

– У мінулым годзе мы зладзілі выступленне на фестывалі адзінаборстваў у Гродна. Таксама ездзілі выступаць на Дзень моладзі ў Верцялішкі. Гарадзенцы даволі актыўна цікавяцца нашай дзейнасцю, прыходзяць на трэніроўкі, фатаграфуюцца з намі. Але вялікіх праектаў яшчэ не было.

Старонка каманды Grodno BLR у сетцы «Вконтакте»: http://vk.com/club13863397

Старонка ў сетцы «Вконтакте» Алега Патоніча: http://vk.com/oleg_treiser